BE RU EN

Беларусь недалічыцца валютнай выручкі

  • 15.01.2013, 11:28

БКК скінула кошт для Кітая да 400 даляраў за тону.

ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК, трэйдар «Уралкалія» і «Беларуськалія» на экспартных рынках) заключыла кантракты з найбуйнейшымі кітайскімі імпарцёрамі мінеральных угнаенняў Sinochem і CNAMPGC на пастаўку хлорыстага калію ў першым паўгоддзі 2013 па $400 за тону, CFR, піша «Інтэрфакс».

Аб'ём паставак па кантрактах складзе 700 тыс. тон, таксама прадугледжаны апцыён на 300 тыс. тон. Тэрмін дзеяння кантракта - з 15 студзеня па 30 чэрвеня 2013 года.

У сваю чаргу, у паведамленні БКК з нагоды заключэння кантракта з Кітаем падкрэсліваецца пазітыўны прагноз адносна сусветнага калійнага рынку. «Пагадненне паміж найбуйнейшымі вытворцамі калійных угнаенняў і кітайскімі імпарцёрамі традыцыйна ўспрымаецца ў галіне як асноўны коштавы арыенцір, які істотна ўплывае на ўзровень актыўнасці на сусветным калійным рынку. Наш прагноз на бліжэйшую перспектыву - пазітыўны, галіна будзе паступова аднаўляцца, аб'ёмы спажывання - расці», - прыведзены ў прэс-рэлізе БКК словы гендырэктара кампаніі Валерыя Іванова.

Як паведамлялася, у сакавіку 2012 года БКК падпісала з найбуйнейшымі кітайскімі імпарцёрамі Sinochem і CNAMPGC кантракт на пастаўку хлоркалію на II квартал па $470 за тону. Аб'ём паставак па кантрактах - 400 тыс. тон, таксама быў прадугледжаны апцыён на 100 тыс. тон хлоркалію.

Такім чынам, кошт паставак БКК у Кітай зніжаны на $70, або на 15% у параўнанні з папярэднім кантрактам. Таму Беларусь можа недалічыцца валютнай выручкі ў 2013 годзе.

Апошнія навіны