BE RU EN

Жабрацкі заробак зробяць «камерцыйнай таямніцай»?

  • 12.01.2013, 18:15

Звесткі аб заробку могуць стаць інфармацыяй, якая змяшчае камерцыйную таямніцу.

Цягам паўгода «дэпутаты» абдумаюць, якім чынам караць тых, хто парушыць «зарок маўчання», выдаўшы камерцыйную таямніцу працадаўцы, піша «Інтэрфакс».

Як вынікае з тэксту новага закона, інфармацыя аб заробку цалкам можа быць уключаная ў спіс звестак, якія складаюць камерцыйную таямніцу.

Працытуем артыкул 6 Закона РБ № 16-З «Аб камерцыйнай таямніцы» ад 5 студзеня 2013 года цалкам.

«Камерцыйную таямніцу не могуць складаць звесткі:

- якія змяшчаюцца ва ўстаноўчых дакументах юрыдычнай асобы, а таксама ўнесеныя ў Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;

- якія змяшчаюцца ў дакументах, што даюць права на выкананне прадпрымальніцкай дзейнасці;

- якія з'яўляюцца лекарскай, адвакацкай, банкавай, падатковай ці іншай ахоўнай законам таямніцай;

- аб нерухомасці, правах і абмежаваннях (абцяжараннях) правоў на нерухомасць, якія змяшчаюцца ў адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомасці, правоў на яе і ўгод з ёю;

- аб складзе маёмасці дзяржаўных юрыдычных асоб і юрыдычных асоб, акцыі (дзелі ў статутных фондах) якіх належаць дзяржаве;

- аб выкарыстанні сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў;

- аб стане навакольнага асяроддзя, супрацьпажарнай бяспецы, санітарна-эпідэміялагічнай і радыяцыйнай абстаноўцы, бяспецы харчовых прадуктаў ды іншых чынніках, якія робяць або здольныя зрабіць негатыўнае ўздзеянне на бяспечнае функцыянаванне вытворчых аб'ектаў, бяспеку кожнага грамадзяніна і насельніцтва ў цэлым;

- аб падлеглых выплаце сумах падаткаў, збораў (мытаў) ды іншых абавязковых выплатах;

- аб колькасці і складзе работнікаў, аб варунках і ахове працы, аб паказчыках вытворчага траўматызму і прафесійнай захваральнасці, а таксама аб наяўнасці вольных месцаў (вакансій);

- аб запазычанасці наймальнікаў у выплаце заробку і ў спецыяльных выплатах;

- аб парушэннях заканадаўства і фактах прыцягнення да адказнасці за ўчыненне гэтых парушэнняў;

- аб умовах аўкцыёнаў (конкурсаў) для продажу аб'ектаў прыватызацыі і конкурсаў для перадачы належных Рэспубліцы Беларусь або яе адміністрацыйнай адзінцы акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў у давернае кіраванне, у тым ліку з правам выкупу часткі гэтых акцый у выніку давернага кіравання, а таксама аб прададзеных аб'ектах прыватызацыі, аб умовах іх продажу і аб пакупніках;

- аб фінансавым стане асобы, падаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства аб эканамічнай платаздольнасці (банкруцтве);

- іншыя звесткі, вызначаныя заканадаўчымі актамі».

Між тым, у праекце закона звесткі аб заробку ўваходзілі ў спіс інфармацыі, не падлеглай хаванню. Аднак у працэсе дапрацоўкі законапраекта гэтая норма была прыбраная.

Распрацоўнікі і парламентарыі актыўна абмяркоўвалі наступствы ўжывання будучага дакумента. У прыватнасці, закранулі пытанне надання наймальнікам права звальнення работнікаў за выдаванне камерцыйнай таямніцы.

Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў РБ Сяргей Лосеў растлумачыў, што ў Працоўным кодэксе і ў прыкладных формах працоўных умоў (кантрактаў) прапісанае патрабаванне да работніку захоўваць камерцыйную таямніцу наймальніка. Але, разам з тым, працадаўца не меў права звольніць чалавека, які выдаў сакрэты арганізацыі, бо такія падставы не прадугледжаныя Працоўным кодэксам. Таму законапраектам меркавалася ўнесці дадаткі ў Працоўны кодэкс.

Акрамя таго, з уваходам у дзеянне закона ў прапанаваных распрацоўнікамі варыянце працадаўца на законных падставах змог бы патрабаваць ад працаўніка кампенсацыі страчанай выгады ў судовым парадку.

Праз год ва ўжо прынятым законе гэтыя прапановы былі зрэалізаваныя. Засталося толькі ўпарадкаваць заканадаўчыя акты і пастановы ўрада ў адпаведнасці з патрабаваннямі новага дакумента. На гэта адводзіцца паўгода: Закон РБ «Аб камерцыйнай таямніцы» ўваходзіць у дзеянне праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.

Такім чынам, інфармацыя, якой, можа быць, і хацелася б падзяліцца з іншымі, можа стаць закрытай (вядома, калі так пастановіць працадаўца). А заробак - гэта балючае пытанне. Асабліва калі ўлічыць, як цяжка пад канец 2012 года ў Беларусі атрымлівалі «ўсярэдненую» суму ў $ 500. Калі праз паўгода працадаўца наважыць, што працаўніку не варта агучваць суму свайго заробку, ён гэта зробіць. А ў выпадку парушэння з'явіцца дадатковая магчымасць звольніць непажаданага падначаленага.

Апошнія навіны