КНДР правядзе новае ядзернае выпрабаванне
- 12.01.2013, 12:53
Улады Паўночнай Карэі плануюць правесці новае, трэцяе лікам ядзернае выпрабаванне з 13 да 20 студзеня.
Пра гэта паведаміла ў суботу амэрыканская газета «Nation» са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе Паўднёвай Карэі, піша «Інтэрфакс».
«Мы даведаліся, што прадстаўнік дыпмісіі КНДР у Пекіне паведаміў кіраўніцтву Кітая, што Пхеньян плануе правесці трэцяе лікам ядзернае выпрабаванне на наступным тыдні», - заявіла крыніца.
«Мы ўзмацняем назіранне за ядзерным палігонам Пунгеры (на якім, як чакаецца, будзе праходзіць выпрабаванне)», - дадаў ён.
Менавіта на палігоне ў раёне Пунгеры ў паўночнай правінцыі Хамген-Пукта прайшлі два папярэднія ядзерныя выпрабаванні ў 2006 і 2009 гадах.
Як у снежні паведамілі на вэб-сайце «38 North» эксперты з амэрыканска-карэйскага інстытута ўніверсітэта Джона Хопкінса, паўночнакарэйскія інжынеры падтрымліваюць у стане гатоўнасці палігон у раёне Пунгеры для правядзення чарговага падземнага выпрабавання ядзернай зброі.
«Яны (паўночнакарэйскія інжынеры) далей падтрымліваюць палігон у стане гатоўнасці, што дазволіць ім зрабіць выбух праз два тыдні пасля прыняцця такой пастановы», - заявілі спецыялісты з інстытута.
Экспэрты атрымалі 13 снежня здымкі са спадарожніка, якія сведчаць аб тым, што Пхеньян гатовы да чарговых ядзерных выпрабаванняў.
На іхнюю думку, інжынеры з КНДР аднавілі палігон пасля моцнай паводкі, якая прычыніла яму велізарную шкоду на пачатку мінулага года.
Міністр аб'яднання ва ўрадзе Паўднёвай Карэі Ру У Ік, у сваю чаргу, заявіў у сярэдзіне снежня, што паўночнакарэйскія спецыялісты бліжэйшым часам могуць правесці падземнае выпрабаванне ядзернай зброі.
«Высокая імавернасць правядзення ядзернага выпрабавання адразу за запускам ракеты далёкага радыусу дзеяння», - сказаў ён, дадаўшы, што, «паводле звестак выведкі, былі праведзеныя значныя работы ў падрыхтоўцы да правядзення ядзернага выпрабавання».