BE RU EN

Галоўны архітэктар Менска знайшоў «правакатараў» сярод праціўнікаў ушчыльнення

  • 7.09.2012, 15:24

Аляксандр Пятроў прапануе змяніць правілы правядзення грамадскіх абмеркаванняў праектаў будаўніцтва.

Паводле яго слоў, практыка арганізацыі падобных мерапрыемстваў у сталіцы выявіла недахопы, якія перашкаджаюць эфектыўнай працы спецыялістаў. Аляксандр Пятроў, у прыватнасці, прапанаваў дакладна вызначыць, хто можа ўдзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях. Такая мера, на яго думку, істотна палегчыць працэдуру разгляду праектаў, піша агенцтва «Минск-новости».

- Грамадскія абмеркаванні прынялі сёння характар калектыўнага эгаізму, - заўважыў ён. - Людзі кажуць, што ім нічога не трэба, яны нічога не хочуць, ім і так добра. Пры гэтым тыя, хто выступае супраць будаўніцтва інвестыцыйных аб'ектаў, не ўлічваюць, што зямля, на якой будуць праводзіцца працы, ім не належыць і плату за яе з іх ніхто не спаганяе - гэта абцяжаранне гарадскога бюджэту. Таму мы павінны дакладна вызначыць, хто можа прымаць удзел у грамадскім абмеркаванні.

Пятроў удакладніў, што па існуючым палажэнні ў абмеркаванні можа ўдзельнічаць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь незалежна ад месца пражывання.

- У сувязі з гэтым у нас ужо ёсць прэцэдэнты. З'явіліся «прафесійныя» абмеркавацелі, якія вандруюць з аднаго мерапрыемства на іншае. Іх задача часцяком - завесці і разгайдаць прысутных і ў канчатковым выніку сарваць нармальны дыялог, - канстатаваў старшыня камітэта.

Ён таксама адзначыў, што было б мэтазгодна ўвесці практыку пісьмовых зваротаў.

- Мы прадстаўляем праект, выстаўляем яго на абмеркаванне з тлумачэннямі, апавяшчаем грамадскасць праз СМІ і збіраем пісьмовыя пажаданні. Тым самым мы адыдзем ад негатыўных сітуацый, - лічыць А. Пятроў.

Апошнія навіны