BE RU EN

Таццяна Новікава падала скаргі на жорсткае абыходжанне на Акрэсціна

  • 3.09.2012, 17:33

Каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі падала скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт на бесчалавечнае абыходжанне падчас яе арышту ў турме на Акрэсціна.

Таццяна Новікава разам з расейскім фізікам-ядзершчыкам Андрэям Ажароўскім былі затрыманыя 18 ліпеня. Яны накіроўваліся ў амбасаду Расейскай Федэрацыі ў Менску, каб перадаць адкрыты зварот, у якім выступалі супраць падпісання генеральнага кантракта на будаўніцтва АЭС і ў цэлым супраць ўзвядзення станцыі. Новікава была прысуджаная судом Маскоўскага раёна Менска да пяцісуткавага адміністрацыйнага арышту, які яна адбывала ў ЦІП, піша БелаПАН.

Яна лічыць, што ўмовы, у якіх яна адбывала пакаранне, парушаюць яе права не падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму, зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню або пакаранню, гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Мне, як і іншым арыштантам, не было прадастаўлена індывідуальнае спальнае месца, і спаць я магла толькі на голым драўляным насціле. Умовы ў ЦІП цяжкія і для здаровага чалавека - у камеры паўзмрок, сырасць, цвіль, смурод і антысанітарыя. У мяне два анкалагічных захворвання, я не так даўно перанесла аперацыі, хіміётэрапію і прамянёвую тэрапію, з маім здароўем мне было невыносна цяжка знаходзіцца ва ўмовах на Акрэсціна. На другі дзень мне стала дрэнна, але хуткую дапамогу выклікаць адмовіліся», - паведаміла Новікава.

Эколаг скардзіцца не толькі на дрэнныя ўмовы, але таксама і на тое, што супрацоўнікі ЦІП не перадавалі ёй лекі, якія яна павінна прымаць штодня, каб пазбегнуць развіцця метастазаў. «Гэтыя лекі ў маіх блізкіх прынялі не адразу і перадалі мне іх з затрымкай, такім чынам, мне прыйшлося перапыніць курс лячэння амаль на тры дні», - сказала яна.

Новікава адзначае, што пасля арышту яна вымушана праходзіць дадатковае лячэнне.

«Ужыванне катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага чалавечую годнасць абыходжання і пакарання ёсць не што іншае, як ухіленне службовых асоб УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна Менска і ЦІП ГУУС Менгарвыканкама ад узятых Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў па недапушчальнасці здзяйсняць дзеянні, накіраваныя на знішчэнне праў і свабод, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах», - піша Новікава ў скарзе. Яна просіць пракуратуру запатрабаваць ад адпаведных органаў ліквідаваць прычыны і ўмовы, якія спрыяюць парушэнням у ГУУС праў грамадзян, а таксама звярнуцца ў суд з пазовам у абарону яе праў.

Яна таксама звярнулася ў Следчы камітэт Менска з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы і ЦІП ГУУС Менгарвыканкама за перашкоду ў прыняцці ёю жыццёва неабходных лекаў і пакіданне без медыцынскай дапамогі.

Апошнія навіны