BE RU EN

Вяртанне сцяга і герба «Пагоня»: як гэта было

  • 19.09.2012, 14:00

Былы дэпутат Вярхоўнага савета ўзгадвае, як беларусы змагаліся за сваю сімволіку ў 1991 годзе.

У гадавіну прыняцця герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання Валянцін Голубеў распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org, як беларусы дамагаліся вяртання сваіх гістарычных знакаў у далёкім 1991-м годзе.

- Як менавіта была прынятая наша нацыянальная сімволіка?

- Пытанне аб вяртанні бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных стаяла з таго моманту, як у парламенце з'явілася апазіцыя БНФ. Прадстаўнікі Беларускага народнага фронту адразу прыйшлі ў парламент з бел-чырвона-белай сімволікай. І побач з чырвона-зялёнымі значкамі дэпутатаў на грудзях у іх абавязкова знаходзіліся бел-чырвона-белыя значкі. З нацыянальным сцягам у людзей было звязана разуменне дэмакратыі. Тысячы беларусаў, якія стаялі тады на плошчы, таксама трымалі ў руках гістарычную сімволіку Беларусі. Грамадства было падрыхтавана да змены чырвона-зялёнага палатна, з якім былі звязаныя рэпрэсіі і злачынствы камуністычнага рэжыму. Ніякага непрымання да бел-чырвона-белага сцяга ні ў кога не было, акрамя як у партыйных функцыянераў і людзей, якія прыехалі ў Беларусь з Расеі.

Пасля падзей 21 жніўня 1991 года, калі праваліўся путч камуністаў, і 25 жніўня, калі Беларусь надала дэкларацыі аб суверэнітэце рэспублікі статус канстытуцыйнага закона, стала зразумела, што ў Беларусь вернецца гістарычная сімволіка. 19 верасня 1991 года раніцай у парламенце мастакі групы «Пагоня» па просьбе апазіцыі падрыхтавалі ў фае перад залай пасяджэння выставу аб гістарычнай ролі бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Тыя дэпутаты, якія сумняваліся ў прыняцці гэтых знакаў, маглі прагледзець выставу і рассеяць свае сумневы. Работы мастакоў апынуліся вельмі карыснымі, яны дапамаглі прачысціць мазгі некаторым людзям.

З гербам «Пагоня» ніякіх пытанняў не было, яго аднагалосна прынялі з першага разу. А вось з вяртаннем бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага было цяжка. Камуністы ўзгадвалі, што гэты сцяг фашысцкія акупанты дазвалялі выкарыстоўваць калабарантам падчас Другой сусветнай вайны. Але ў немцаў была такая тактыка ў адносінах да ўсіх захопленых краін, яны дазвалялі выкарыстоўваць нацыянальныя сімвалы, але не камуністычныя. Таму прыйшлося праводзіць значную тлумачальную працу, і ў выніку ў нас атрымалася пераканаць тых, хто быў настроены супраць. Пасля трэцяга галасавання была прынята пастанова аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага.

- Як вы можаце ацаніць тое, што беларусам тады ўдалося вярнуць сваю нацыянальную сімволіку?

- Толькі станоўча. Гэта была атмасфера трыумфу, усе ганарыліся бел-чырвона-белым сцягам. І для дзяржавы, і для чалавека сімволіка значыць вельмі шмат. А камуністычны сцяг, пад якім забівалі беларусаў, успрымаўся людзьмі адмоўна. Чырвона-зялёны сцяг быў прыняты ў БССР даволі позна, у 1951 годзе. Калі БССР як адной з краін-заснавальніц ААН спатрэбіўся свой дзяржаўны сцяг. Вяртанне жа Беларусі да нацыянальнага сцягу было вельмі важнай падзеяй.

- Як так атрымалася, што нам не ўдалося захаваць свае нацыянальныя сімвалы ў статусе дзяржаўных?

- Атрымалася так, што апазіцыя крытыкавала кіраўніка краіны пад адзінымі сімваламі. І каб размежавацца з апазіцыяй, Лукашэнка вырашыў змяніць дзяржаўную сімволіку. Яму патрэбныя былі прыхільнікі і ён іх знайшоў - камуністаў. Ён убраў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» менавіта для таго, каб размежавацца з нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі. Але я не выключаю таго, што ўжо хутка зноў паўстане пытанне аб вяртанні гістарычных сімвалаў і беларускай мовы.

- А што для гэтага павінна адбыцца?

- Пакуль не будзе радыкальных змяненняў у палітыцы, рашэнне аб вяртанні бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» можа прыняць толькі Лукашэнка. Павінны адбыцца вялікія змены. Калі ў Беларусі з'явіцца новы, дэмакратычны кіраўнік, тады пытанне аб вяртанні гістарычнай сімволікі будзе пастаўлена ім самім або парламентам.

Нагадаем, 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных. Таксама была зменена назва краіны: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала Рэспублікай Беларусь. Гістарычныя сімвалы заставаліся дзяржаўнымі да 1995 года, калі пасля рэферэндуму, ініцыяванага дыктатарам, была вернутая савецкая сімволіка.

Апошнія навіны