BE RU EN

Адразу пяць аўто сутыкнуліся на Нямізе (Фота)

  • 18.09.2012, 17:22

Адразу пяць легкавых аўтамабіляў сутыкнуліся сёння, 18 верасня, каля 15.30 на сталічнай вуліцы Няміга.

На шчасце, у масавай аварыі ніхто не пацярпеў, аднак рух па магістралі быў сур'ёзна абцяжараны, піша TUT.by.

У незвычайнай аварыі ўдзельнічалі універсал «Мазда 626», два «Фольксваген-Гольф Варыянт», мікрааўтобус «Мэрсэдэс» і галоўны вінаваты - яшчэ адна «Мазда». Як растлумачыў яе кіроўца, ён проста не заўважыў аўтамабілі, якія прытармазілі наперадзе, і ўрэзаўся ў апошні з іх. Далей спрацаваў банальны прынцып даміно. Цікава, што больш за ўсіх пацярпеў менавіта аўтамабіль вінаватага ДТЗ. Мяркуючы па стане машыны, яно ў яго ўжо далёка не першае.

Па словах супрацоўнікаў ДАІ, якія працавалі на месцы, вінаваты сваёй віны не адмаўляў, а ўсе ўдзельнікі ДТЗ былі цвярозымі. Па факце здарэння будзе праведзена расследаванне.

Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі здарэння паводзілі сябе цывілізавана і прыязна адзін да аднаго, без якіх-небудзь узаемных папрокаў ці прэтэнзій і нават суцяшалі па меры сіл «вінаватага імпрэзы».

Каля 16:00 рух па вуліцы Няміга быў адноўлены ў поўным аб'ёме, а ўдзельнікі ДТЗ з месца здарэння раз'ехаліся сваім ходам.

Апошнія навіны