BE RU EN

Чарговае злачынства менскага АМАПа

  • 18.09.2012, 13:41

Затрыманне і збіццё журналістаў - крымінальнае злачынства, лічаць юрысты.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец пракаментаваў сайту charter97.org сённяшняе затрыманне і збіццё журналістаў на пікеце за байкот «парламенцкіх выбараў» каля ўніверсама «Фрунзенскі» у Менску.

«Журналісты займаліся сваёй прафесійнай дзейнасцю, яны мелі поўнае права на асвятленне пікету. У прымяненні да іх гвалту можна ўгледзець склад злачынства 198-га артыкулу КК РБ «перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста», - заявіў намеснік старшыні БАЖ.

Адказваючы на пытанне, чаму на журналістаў напалі менавіта на пікеце за байкот, Андрэй Бастунец сказаў, каб «не даць зрабіць карцінку».

«Не важна, дзе і калі збілі журналістаў. Важна, што гэта адбылося пры ажыццяўленні імі прафесійнай дзейнасці. Чаму менавіта тут і цяпер? У супрацоўнікаў спецслужбаў ёсць любімая фраза «не даць зрабіць карцінку». Але рэпарцёры мелі поўнае права на асвятленне гэтага пікету», - падкрэсліў юрыст.

Нагадаем, удзень 18 верасня каля сталічнага ўніверсама «Фрунзенскі» былі затрыманыя і збітыя актывісты «Zмены» і журналісты.

Актывісты моладзевай кампаніі «Zмена» збіраліся правесці чарговы пікет з заклікам байкатаваць «выбары» у «палату прадстаўнікоў». Маладыя людзі зладзілі сімвалічную раздачу баршчу. Але пачаць пікет так і не ўдалося. На актывістаў «Zмены» і фотажурналістаў накінуліся людзі ў цывільным, пачалі збіваць і затрымліваць іх.

Па папярэдніх дадзеных, былі затрыманыя актывісты «Zмены» Павел Вінаградаў, Аляксандр Арцыбашаў, а таксама фотакарэспандэнты Associated Press і Reuters - Сяргей Грыц і Васіль Фядосенка, журналісты Таццяна Зяньковіч, Павел Падабед, тэлеаператар Аляксандр Баразенка, а таксама здымачная група нямецкага тэлеканала ZDF. Журналісты атрымалі траўмы. Цяпер іх тэлефоны не адказваюць. Пры затрыманні фотакарэспандэнту Associated Press Сяргею Грыцу разбілі акуляры.

Апошнія навіны