BE RU EN

Намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама пагарэў на зямельнай афёры

  • 18.09.2012, 11:40

Былы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Ціток асуджаны на 3 гады з канфіскацыяй за перавышэнне ўлады і крадзеж.

Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на ўпраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці.

Паводле інфармацыі КДБ, былы намеснік старшыні гарвыканкама, які курыраваў працу будаўнічай галіны і службы па землеўпарадкаванню, скарыстаўшыся службовым становішчам у карыслівых мэтах, арганізаваў вылучэнне на падстаўную асобу зямельнага ўчастка ў прэстыжным раёне Магілёва.

«Каб мінімізаваць выдаткі на будаўніцтва на атрыманым участку ўласнага прыватнага дома, чыноўнік звярнуўся да дырэктара ААТ «Прамжылбуд» Леаніда Болдзенкі з просьбай прадаставіць яму без заключэння адпаведнай дамовы і аплаты неабходную спецыяльную тэхніку, грузавы аўтатранспарт, будаўнічыя матэрыялы, а таксама накіраваць на аб'ект рабочых будаўнічых спецыяльнасцей», - распавялі ў камітэце.

Дырэктар прадпрыемства арганізаваў з кастрычніка 2007 года па кастрычнік 2009 года вытворчасць работ, звязаных з будаўніцтвам прыватнага дома. У выніку чаго ААТ «Прамжылбуд» быў нанесены ўрон у буйным памеры.

У судзе Уладзімір Ціток заяўляў пра тое, што не збіраўся выкрадаць будматэрыялы і думаў за іх разлічыцца. Аднак судовая калегія палічыла яго довады непераканаўчымі, так як законных падстаў на набыццё матэрыялаў у чыноўніка не было. А часткова пакрыць прычыненую шкоду абвінавачаны вырашыў толькі пасля ініцыяванай супрацоўнікамі КДБ праверкі ААТ «Прамжылбуд» кантралюючымі органамі.

У адпаведнасці з ч.2 арт.426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў») і ч.3 арт.210 («Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі») КК Беларусі Уладзіміру Цітку прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Дырэктару будаўнічай арганізацыі Леаніду Болдзенке суд вынес аналагічны прысуд, але з адтэрміноўкай яго выканання на 2 гады. У бліжэйшы час ён будзе адхілены ад займаемай пасады. Прысуд суда Ленінскага раёна горада Магілёва пакінуты без змены, а касацыйныя скаргі абвінавачаных - без задавальнення.

Апошнія навіны