BE RU EN

Ермакова загаварыла пра дэвальвацыю

  • 13.09.2012, 8:16

Кіраўнік Нацбанка дапускае магчымасць плыўнай дэвальвацыі.

Нагадаем, Лукашэнка заявіў, што не разумее, адкуль узнікаюць чуткі і здагадкі пра будучую дэвальвацыю беларускага рубля. Учора яго словы пацвердзіла Надзея Ермакова. Неабходнасці ў рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў Беларусі няма, заявіла яна журналістам, паведамляе БелТА.

«Нейкай разавай дэвальвацыі не будзе, яна не праглядаецца, у гэтым няма неабходнасці. Ці будзе плыўная дэвальвацыя? Не выключана», - сказала яна.

Разам з тым, аналізуючы прыток валюты ў краіну і яе адток, Нацыянальны банк бачыць, што нейкіх істотных зменаў не будзе.

«У нас на рахунках прадпрыемстваў назапасіліся вялікія сумы грошай, парадку $4 млрд у дэпазітах, на рахунках насельніцтва маецца шмат валюты. Няма неабходнасці ў рэзкай дэвальвацыі», - сказала кіраўнік Нацбанка.

Гаворачы аб тым, ці можна чакаць у хуткім часе дэнамінацыі нацыянальнай валюты, Надзея Ермакова адзначыла: «Дэнамінацыя - гэта, па-народнаму кажучы, калі адкідаюцца нулі. Даходы насельніцтва будуць расці, колькасць грошай у кашальках і на картках будзе павялічвацца, таму калісьці дэнамінацыю прыйдзецца рабіць. Я думаю, што ў гэтым годзе казаць пра яе яшчэ рана, а ў наступным годзе, напэўна, у сярэдзіне года, мы пачнем на гэтую тэму думаць, таму што даходы нашы павінны ўзрасці нашмат».

Апошнія навіны