BE RU EN

На пасаду спецдакладчыка ААН па Беларусі прэтэндуюць тры кандыдаты

  • 12.09.2012, 12:59

Кансультатыўная група спыніла свой выбар на трох кандыдатах: Хане-Сафі Грэве, Міклаш Харасці і Джарэд Генсер.

У адпаведнасці з працэдурай прызначэння спецыяльных дакладчыкаў, Кансультатыўная група, якая складаецца з аднаго прадстаўніка ад кожнай з рэгіянальных груп, прадстаўляе на разгляд Старшыні Савета спіс кандыдатаў, якія валодаюць найлепшай кваліфікацыяй і задавальняюць агульныя крытэры для прызначэння на пасаду эксперта. Першапачаткова спіс кандыдатаў, як паведамляў Lawtrend, складаўся з 11 персон, піша "Завтра твоей страны".

Першай у спісе рэкамендуемых кандыдатаў на пасаду спецдакладчыка значыцца Хане-Сафі Грэве. Як адзначае Кансультатыўная група, г-жа Грэве валодае значным юрыдычным вопытам, атрыманым у розных установах, у тым ліку ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека, дзе яна працавала суддзёй, і ў Групе экспертаў Савета Еўропы па супрацьдзеянні гандлю людзьмі, у склад якой яна цяпер ўваходзіць. Яна таксама была сябрам Камісіі экспертаў ААН, заснаванай для збору і аналізу інфармацыі аб сур'ёзных парушэннях Жэнеўскіх канвенцый і аб іншых парушэннях міжнароднага гуманітарнага права, учыненых на тэрыторыі былой Югаславіі.

Важным аргументам на карысць прызначэння Міклаша Харасці з'яўляецца тое, што ён узначальваў місіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе па назіранні за выбарамі, а таксама займаў пасаду прадстаўніком АБСЕ па свабодзе СМІ. У яго ёсць вопыт працы з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасцю. Будучы прадстаўніком АБСЕ ён выпускаў рэкамендацыі сумесна са спецыяльнымі дакладчыкамі па свабодзе меркаванняў і іх свабоднаму выказванню ААН, Афрыканскай Камісіі па правах чалавека і народаў і Арганізацыі Амерыканскіх дзяржаў.

Г-н Харасці таксама апублікаваў некалькі прац і дакладаў па пытаннях праў чалавека і СМІ, журналістаў і свабоды выказвання.

Джарэд Генсер, трэці ў спісе Кансультатыўнай групы, мае практычны вопыт адвакатавання на карысць вызвалення вязняў сумлення. Г-н Генсер заўсёды актыўна працаваў са спецыяльнымі працэдурамі Савета ААН па правах чалавека як краінавымі, так і тэматычнымі. Цяпер узначальвае юрыдычную фірму, якая працуе ў галіне міжнароднага публічнага права, праў чалавека і праектаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці.

На аснове рэкамендацый Кансультатыўнай групы і пасля правядзення шырокіх кансультацый Старшыня Савета Лора Дзюпуі Ласер вызначыць кандыдата на пост. Яе прапанова накіроўваецца сябрам Савета і дзяржавам-назіральнікам.

- Калі выбар Старшыні не супадзе з прыярытэтным парадкам Кансультатыўнай групы, то яна павінна будзе аргументаваць сваё рашэнне. Пры неабходнасці старшыня правядзе далейшыя кансультацыі, каб гарантаваць, што прапанаваны ёю кандыдат будзе падтрыманы Саветам, - тлумачыць кіраўнік Міжнароднай групы Цэнтра прававой трансфармацыі Ірына Дзешэвіцына.

Працэс прызначэння скончыцца 28 верасня ўхваленнем Саветам ААН па правах чалавека кандыдатуры, прапанаванай старшынёй.

У рамках устаноўленага Саветам мандата спецдакладчык зможа весці пастаянны дыялог з беларускім бокам па пытаннях становішча ў галіне праў чалавека ў краіне, прадстаўляць кампетэнтны аналіз існуючых праблем, грунтуючыся на якім, зможа прапаноўваць шляхі паляпшэння рэалізацыі і абароны праў чалавека ў Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, прызнанымі нашай краінай.

Нагадаем, МЗС Беларусі афіцыйна заявіў, што не прызнае рэзалюцыю Савета па правах чалавека ААН і мандат спецдакладчыка, хто б ні заняў гэтую пасаду.

Апошнія навіны