BE RU EN

Corriere della Sera: медзведзяняты-парашутысты ўвялі ў крызіс апошняга дыктатара Еўропы

  • 6.08.2012, 13:38

Над самым мілітарызаваным рэжымам на кантыненце пасмяяліся два шведскіх пілота.

Аляксандр Лукашэнка загадаў новаму камандуючаму ВПС знішчаць усіх парушальнікаў паветранай прасторы краіны, піша італьянская газета Corriere della Sera (пераклад - inopressa.ru).

«Атрад з тысячы плюшавых медзведзянятаў-парашутыстаў увёў у крызіс апошняга дыктатара Еўропы? Калі еўрапейскія санкцыі і водгук амбасадараў не прывялі да змякчэння пазіцый Аляксандра Лукашэнкі, гаспадара і ўладара Беларусі, быць можа, камічны эпізод з плюшавымі цацкамі неяк паўплывае на сітуацыю», - піша выданне.

«Над самай мілітарызаванай краінай на кантыненце пасмяяліся два шведскіх пілота: на лёгкаматорным самалёце яны пераадолелі супрацьракетную абарону і даляцелі да прыгарадаў Менска, каб скінуць на горад медзведзянятаў-парашутыстаў. Лукашэнка спачатку абвяргаў усё, але потым на Youtube апынулася відэа, і кіраўнік узяўся за генералаў: былі адпраўленыя ў адстаўку камандуючы СПА краіны і камандуючы памежнымі войскамі. Быў арыштаваны і журналіст Антон Сурапін, якога абвінавацілі ў распаўсюдзе паведамлення. Хоць ён не меў ніякага дачынення да шведскіх пілотаў, яму пагражае пакаранне тэрмінам ад 3 да 5 гадоў турмы. Amnesty International ўжо абвясціла яго вязнем сумлення. І вось 3 жніўня Лукашэнка выправадзіў шведскага амбасадара, афіцыйна - за кантакты з унутранай апазіцыяй», - піша аўтар артыкула.

«Лукашэнка загадаў не падаўжаць візу шведскаму амбасадару, а шведы, са свайго боку, выправадзілі трох беларускіх дыпламатаў. Кэтрын Эштан, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыке бяспекі, заявіла аб «занепакоенасці» у сувязі з паведамленнямі, што паступаюць з Беларусі, і абяцала , што пытанне будзе разгледжана на еўрапейскім узроўні з мэтай прыняцця «адпаведных мер», - гаворыцца ў артыкуле.

Апошнія навіны