БЧ пачала продаж білетаў праз інтэрнэт
- 31.08.2012, 15:09
Але атрымаць сам білет усё роўна можна толькі ў касе.
Беларуская чыгунка распачала чарговую спробу дагнаць цывілізаваны свет і прапанавала магчымасць аплочваць праязныя квіткі праз інтэрнэт.
На сайце БЧ праз аплатную сістэму «Разлік», да якой падключана большасць беларускіх банкаў, за квіток можна заплаціць у тым ліку і электроннымі грашыма EasyPay і WebMoney.
Аднак жадаючых скарыстацца паслугамі чыгункі чакае непрыемны сюрпрыз - праязныя квіткі, аплочаныя праз інтэрнэт, можна атрымаць толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у білетных касах Беларускай чыгункі. Адмена заказа пасля выканання працэдуры аплаты і вяртанне грашовых сродкаў на банкаўскую пластыкавую картку праз інтэрнэт не ажыццяўляюцца.
Належныя грашовыя сродкі за нявыкарыстаны праязны білет вяртаюцца пры звароце ў білетную касу Беларускай чыгункі.
Тарыф за афармленне праязных дакументаў праз інтэрнэт роўны: у міжнародных зносінах - 11 800 руб. (заказ квітка праз інтэрнэт - 7 800 руб. + афармленне квітка на праезд - 4 000 руб.); ва ўнутрырэспубліканскіх зносінах - 3 500 руб. (заказ квітка праз інтэрнэт - 2 400 руб. + афармленне квітка на праезд - 1 100 руб.).
Афармленне заказу і атрыманне праязных дакументаў не ажыццяўляецца ў перыяд тэхналагічнага перапынку сістэмы «Экспрэс» з 3.00 да 4.00.