BE RU EN

Замест выступу кандыдата - паланез Агінскага

  • 29.08.2012, 10:37

Заклік да байкоту «выбараў» у эфіры замянілі на кампазіцыю «Развітанне з радзімай».

Перадвыбарчы выступ старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзіміра Шанцава не пусцілі ў эфір дзяржаўнага радыё. Замест яго выступу прагучаў паланез «Развітанне з радзімай», перадае «Радыё Свабода».

Уладзімір Шанцаў балатаваўся ў «дэпутаты» па Магілёўскай прамысловай акрузе № 87.

Як сцвярджае Уладзімір Шанцаў, у сваім выступе ён заклікаў выбаршчыкаў байкатаваць «выбары».

«Я казаў пра тое, што ў краіне няма выбараў, а калі няма выбараў, то краіна жыве ў страху. Калі выбараў няма, то ігнаруецца Канстытуцыя. Калі няма выбараў, то ў эканоміцы адбываюцца вялікія правалы. Безумоўна, як сябар АГП, я казаў у сваім выступленні аб тым, што я іду на «выбары», каб мець легальную магчымасць распавесці праўду пра фальсіфікацыі і заклікаць выбаршчыкаў акругі падтрымаць нашу кампанію «За сумленныя выбары без Лукашэнкі» і не хадзіць на «выбары» - застацца на дачы, схадзіць на рыбалку», - распавёў Уладзімір Шанцаў.

Не прагучаў у эфіры дзяржаўнага радыё і перадвыбарчы выступ вылучэнца на «дэпутацтва» ад той жа АГП Аляксея Паўлоўскага. Актывіст балатуецца па Магілёўскай Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85. Замест выступу Паўлоўскага пракруцілі «Салаўіную песню» расейскага спевака Льва Лешчанкі.

27 жніўня ў эфір тэлеканала «Беларусь-2» не прапусцілі перадвыбарчы выступ сябра АГП з Бабруйска Мацвея Хатары. Актывіст таксама, як і Шанцаў, заклікаў выбарнікаў байкатаваць «выбары».

Апошнія навіны