BE RU EN

МЗС Літвы абскардзіць размарозку сродкаў Пефціева

  • 28.08.2012, 18:57

Міністэрства замежных спраў падасць апеляцыю на рашэнне літоўскага суда задаволіць скаргу алігарха.

27 жніўня Вільнюскі акруговы адміністрацыйны суд задаволіў скаргу Уладзіміра Пефціева і звязаных з ім беларускіх прадпрыемстваў «Белтэхэкспарт», «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі» супраць Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі. Суд прыняў рашэнне разблакаваць сродкі, выдзеленыя фірме Lawin, у якасці аплаты адвакатаў Уладзіміра Пефціева. Нагадаем, літоўская юрыдычная кампанія прадстаўляе інтарэсы алігарха ў чатырох пазовах, пададзеных ім супраць Савета ЕЗ у мінулым годзе. У іх Пефціеў патрабуе адмяніць санкцыі, уведзеныя супраць яго і яго кампаній, паведамляе ru.delfi.lt.

«Прынятыя МЗС рашэнні не падмацаваныя фактычнымі абставінамі, не матываваныя, не паказаны парадак іх абскарджвання, таму яны не могуць быць прызнаныя законнымі і абгрунтаванымі», - гаворыцца ў паведамленні суда для прэсы.

У судзе было абскарджана рашэнне МЗС не рабіць выключэнняў у пытанні прымянення санкцый Еўрапейскага Звяза, паколькі яны былі ўнесены ў спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ, а іх маёмасць замарожана.

Міністэрства азнаёмілася з рашэннем адміністрацыйнага суда і вырашыла падаць апеляцыю, паколькі лічыць выкладзеныя судом аргументы неабгрунтаванымі і несправядлівымі. Акрамя таго, на думку міністэрства, не быў ацэнены шэраг важных абставін, у тым ліку і тое, што не былі прынятыя да ўвагі аргументы, што выключэння адносна санкцый не могуць прымяняцца аўтаматычна.

З улікам таго, што судовы працэс працягваецца, МЗС устрымліваецца ад далейшых каментароў па гэтым пытанні.

Апошнія навіны