BE RU EN

На скаргу апазіцыянера Івана Шылы не адказваюць нават адпіскамі

  • 13.08.2012, 15:52

Маладафронтавец ужо больш за паўгады абскарджвае бесчалавечны зварот у турме на Акрэсціна.

У пачатку сакавіка малады чалавек накіраваў скаргу ў Пракуратуру горада Менска на наступныя парушэнні: поўная адсутнасць мэблі ў камеры; нізкая тэмпература ў камеры і адсутнасць вентыляцыі; фактычная адсутнасць спальнага месца і пасцельнай бялізны; нездавальняючы санітарна-гігіенічны стан камеры, прыніжаючы чалавечую годнасць; недастатковае асвятленне ; забарона харчовых перадач і непрадастаўленне пітной вады; адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі і іншыя, паведамляе protivpytok.org.

Атрымаўшы адказ з пракуратуры Менска, ён абскардзіў яго ў Генеральнай пракуратуры. Але ва ўстаноўленыя тэрміны Іван Шыла не атрымаў адтуль адказу і ў траўні падаў скаргу на бяздзейнасць пракуратуры ў суд Цэнтральнага раёна г. Менска. Па законе пазоў павінен быць разгледжаны на працягу двух месяцаў, аднак ужо на працягу двух з паловай месяцаў адказу з суда няма.

Нягледзячы на тое, што суд у сучаснай Беларусі, здаецца, не спраўляецца нават з дэкаратыўнай функцыяй, Іван Шыла мае намер працягнуць барацьбу за свае правы. Ён таксама гатовы да зваротаў у міжнародныя інстанцыі пасля вычарпання ўсіх унутраных механізмаў абароны.

«Адмова суда разгледзець скаргу на бяздзеянне работніка пракуратуры па сутнасці з'яўляецца адмовай у правасуддзі. Я разумею, што такая катэгорыя спраў вельмі рэдкая ў судовай сістэме і суддзі не маючы практыкі часам не ведаюць што рабіць - узбуджаць ці не справу. Па справах «невыязных» грамадзян назіралася падобная карціна і толькі скаргі прымусілі ў рэшце рэшт суддзяў разглядаць гэтыя справы і змяніць сітуацыю», - распавёў эксперт ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаванняў» Леанід Судаленка.

Апошнія навіны