BE RU EN

Лукашэнка разагнаў генералаў (Відэа)

  • 31.07.2012, 17:37

Дыктатар учыніў «разнос» за палёт шведаў над Беларуссю.

Сёння Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыні Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Зміцера Пахмелкіна, шэрагу кіраўнікоў сілавых структур абвешчаныя вымовы, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

«За неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ад займаных пасад вызваленыя старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта генерал-маёр Ігар Рачкоўскі і камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генерал-маёр Зміцер Пахмелкін», - адзначылі ў прэзідэнцкай прэс-службе.

Там праінфармавалі, што І.Рачкоўскі залічаны ў распараджэнне Дзяржпамежкамітэта, а З.Пахмелкин - у распараджэнне міністра абароны.

Таксама, заявілі ў прэс-службе, аб няпоўнай службовай адпаведнасці папярэджаны міністр абароны генерал-лейтэнант Юрый Жадобін і начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Пётр Ціханоўскі.

Акрамя таго, абвешчана вымова Дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі генерал-палкоўніку Леаніду Мальцаву і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі генерал-лейтэнанту Вадзіму Зайцаву, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Беларусі.

Нагадаем, як паведамляў сайт charter97.org, раніцай 4 ліпеня шведскі лёгкі самалёт скінуў над Беларуссю плюшавых мядзведзяў з лозунгамі ў падтрымку дэмакратыі. У сваю чаргу Мінабароны Беларусі заявіла, што парушэнняў паветранай прасторы краіны не было, а выкладзеныя ў інтэрнэце ролікі, якія даказваюць зваротнае, назвала фальсіфікацыяй. Толькі некалькі дзён таму беларускі кіраўнік прызнаў факт перасячэння шведскім самалётам беларускай мяжы.

Апошнія навіны