BE RU EN

Дашкевіч адмовіўся размаўляць са следчым

  • 20.07.2012, 16:48

Лідэр міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч адмовіўся ад дачы паказанняў па новай крымінальнай справе і ад паслуг адваката.

Пра гэта БелаПАН распавяла намеснік старшыні «Маладога фронту» і нявеста Дашкевіча Наста Палажанка са спасылкай на адваката, які 20 ліпеня сустрэўся з Дашкевічам у калоніі № 13 у Глыбокім (Віцебская вобласць).

«Зміцер ведае пра новую крымінальную справу. Ужо павінен быў прайсці першы допыт, аднак ён адмовіўся даваць на ім паказанні, бо не лічыць яго сур'ёзным і аб'ектыўным. Зміцер таксама вырашыў адмовіцца і ад адваката па гэтай справе», - распавяла Палажанка.

Паводле яе інфармацыі, Дашкевіч зараз знаходзіцца ўжо ў атрадзе, а не ў штрафным ізалятары, а таму ў яго ёсць магчымасць чытаць лісты і віншавальныя паштоўкі з нагоды свайго дня нараджэння. 20 ліпеня лідэру «Маладога фронту» споўніўся 31 год. У яго адрас прыйшло каля 100 лістоў і 50 паштовак, паведаміла Палажанка.

Усе судовыя працэсы па справах Зміцера Дашкевіча былі расцэненыя праваабаронцамі як палітычна матываваныя, а арганізацыя «Міжнародная амністыя» двойчы прызнавала яго вязнем сумлення.

Апошнія навіны