BE RU EN

КДБ абвясціў аб узяцці літоўскіх шпіёнаў

  • 12.07.2012, 12:50

Ім пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.

Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі спынена шпіёнская дзейнасць беларускіх грамадзян, якая ажыццяўляецца імі ў інтарэсах спецслужбаў Літоўскай Рэспублікі, паведамілі ў Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ (ЦІГС КДБ).

«Падчас правядзення агентурнай акцыі супрацоўнікі КДБ затрымалі з доказамі злачынства рэзідэнта ваеннай разведкі Літвы грамадзяніна «Ф». Адначасова па факце перадачы замежнай спецслужбе сакрэтных звестак былі затрыманы асобы, якія знаходзіліся у яго на агентурнай сувязі», - праінфармавалі ў ЦІГС.

Паводле інфармацыі КДБ, у выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў канфіскаваны «электронныя носьбіты, іншыя прадметы і матэрыялы, якія выкрываюць іх шпіёнскую дзейнасць, накіраваную на атрыманне сакрэтнай інфармацыі ў ваеннай сферы, у тым ліку ў рамках адзінай сістэмы бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Акрамя гэтага, адзначылі ў ЦІГС, дакументальна былі пацверджаны факты правядзення агентурнай групай аперацый па здабыванню інфармацыі з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў, з мэтай далейшай перапраўкі дадзеных за мяжу. «Факт супрацоўніцтва з літоўскімі спецслужбамі пацвярджаецца сабранымі ў ходзе следства доказамі, а таксама прызнальнымі паказаннямі саміх абвінавачаных», - заявілі ў беларускім КДБ.

Паводле заключэння экспертаў, удакладнілі там, «сабраныя і падрыхтаваныя для перадачы літоўскай спецслужбе матэрыялы адносяцца да звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь».

«Своечасовае ўмяшанне Камітэта дзяржаўнай бяспекі дазволіла выявіць планы замежнай разведкі, узяць яе дзеянні пад кантроль і прадухіліць нанясенне сур'ёзнай шкоды абараназдольнасці і бяспекі дзяржавы», - заявілі ў ЦІГС.

У КДБ таксама паведамілі, што ў дачыненні да названых асоб распачата крымінальная справа па арт. 356 КК Беларусі - здрада дзяржаве. Санкцыяй указанага артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.

Апошнія навіны