BE RU EN

Лабісты дыктатара - спартовыя карупцыянеры?

  • 14.05.2012, 9:58

Рэнэ Фазэль, адзін з галоўных лабістаў правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску, раней быў замяшаны ў карупцыйным скандале.

Швейцарская газета Sonntagszeitung (пераклад charter97.org) пісала ў 2009 годзе, што кампанія, якой кіруе сябар дзяцінства Рэнэ Фазэля, атрымала больш за 1 мільён даляраў у перыяд з 2004 па 2008 гады ад Infront Sports & Media - вядучай сусветнай арганізацыі ў галіне спартовага маркетынгу, якая, акрамя іншага, займалася арганізацыяй тэле- і радыётрансляцыяй мерапрыемстваў Міжнароднай хакейнай федэрацыі. Прэзідэнтам Infront Sport & Media з'яўляецца Філіп Блатэр, пляменнік прэзідэнта ФІФА і сябра Міжнароднага алімпійскага камітэта Ёзэфа Блатэра.

Газета называе толькі ініцыялы сябра дзяцінства кіраўніка МФХ - Y. S. і піша, што яны знаёмыя яшчэ з дзіцячага садка. Ён з'яўляецца дырэктарам кампаніі Proc AG, якая атрымала выплаты ад камерцыйных кантрактаў, заключаных з нацыянальнымі і міжнароднымі федэрацыямі зімовых відаў спорту. МФХ падазравала, што Proc AG з'яўляецца падстаўной кампаніяй. Грошы ёй былі пераведзеныя без ведама федэрацыі.

Прэзідэнт МФХ раней быў дантыстам у Швейцарыі і хакейным суддзём, з 1995 года ён з'яўляецца сябрам Міжнароднага алімпійскага камітэта. У 1994 годзе на Генеральным Кангрэсе ў Венецыі Рэнэ Фазэль быў абраны прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея і з тых часоў застаецца яе нязменным кіраўніком на працягу ўжо 4 тэрмінаў. Апошні раз ягоныя паўнамоцтвы пацвердзіў Генеральны Кангрэс 2008 года ў Манрэалі і працягнуў іх да 2012 года.

Фазэль абверг большую частку абвінавачванняў і сваё дачыненне да меркаванай схемы адкату. Падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Швейцарыі ён заявіў журналістам, што проста дапамог сябру і прапанаваў ягоныя паслугі Infront Sports & Media, але ніякіх бонусаў за гэта не атрымліваў. Тым не менш, ён быў вымушаны папрасіць прабачэння за гэта, паведамляецца ў дакладзе Камісіі па этыцы МАК, апублікаваным у 2010 годзе.

«Я дапамог даўняму сябру і прапанаваў ягоныя паслугі Infront, я падтрымаў яго ў прыватным парадку. Сёння я разумею, што гэта было недальнабачным учынкам. Таму я прашу прабачэння», - сказаў Рэнэ Фазэль.

Камісія па этыцы Міжнароднага алімпійскага камітэта, якая расследавала абвінавачванні, абмежавалася папярэджаннем на адрас Рэнэ Фазеля, прымаючы пад увагу ягоныя выбвчэнні.

Апошнія навіны