BE RU EN

Барыса Хамайду затрымалі за вышыўку «Жыве Беларусь»

  • 16.04.2012, 15:56

Супрацоўнікі міліцыі патрабавалі, каб ён прыбраў вышыўку са словамі «Жыве Беларусь», якую ён прымацоўвае да бел-чырвона-белага парасона, калі распаўсюджвае незалежную прэсу.

Апазіцыянер распавёў, што яго спачатку здымалі на відэакамеру, а каля 13:40 затрымалі і адвезлі ў апорны пункт правапарадку каля Чыгуначнага райвыканкама:

«Са мной размаўляў Канстанцін Аднапалаў, які прадставіўся намеснікам начальніка аддзела прафілактыкі Чыгуначнага раёна. Ён заявіў, што я павінен прыбраць «плакат» - так ён назваў вышыўку са словамі «Жыве Беларусь!» Гэтую вышыўку зрабіла ўласнымі рукамі і падарыла мне нашая віцебская актывістка Антаніна Піванос. Атрымалася вельмі добра! Я сказаў супрацоўніку міліцыі, што ў нас на будынку па вуліцы Гогаля ёсць надпіс «Квітней, родная Віцебшчына!». Змест падобны, але ніхто не мае прэтэнзій!»

Барыс Хамайда кажа, што размова ў міліцыі была вельмі дзіўная. Яго распытвалі і пра асабістае жыццё, і пра палітычныя погляды, і пра сімволіку - бел-чырвона-белую стужку і парасон тых жа колераў, пад якім актывіст стаіць каля так званага «блакітнага дома» - дома № 28 па вуліцы Леніна. Супрацоўнікаў міліцыі цікавіла, ці зарэгістраваныя тыя выданні, якія Хамайда распаўсюджвае, а таксама - ці няма ў апазіцыянера прэтэнзій да супрацоўнікаў міліцыі, перадае «Радыё Свабода».

Па словах Барыса Хамайды, прафілактычная гутарка працягвалася каля паловы гадзіны, потым яго вызвалілі без складання пратаколу. Што тычыцца кашулі з вышыўкай «Жыве Беларусь», то віцебскі актывіст кажа, што і заўтра, і надалей яна будзе побач з ім на ранейшым месцы.

Апошнія навіны