BE RU EN

Еўразвяз думае над узмацненнем санкцый?

  • 25.02.2012, 16:08

СМІ паведамляюць, што Еўразвяз адкладае рашэнне аб пашырэнні «спісу неўязных» беларускіх чыноўнікаў.

27 лютага збяруцца міністры замежных спраў краін-удзельніц ЕЗ, каб абмеркаваць Сірыю, Егіпет, Паўднёвы Каўказ, Косава, а таксама сітуацыю на Блізкім Усходзе. Як даведалася «Еўрарадыё», «беларускага пытання» ў парадку дня не значыцца.

«У выпадку Беларусі мы маем рашэнне аб абмежавальных мерах. Рашэнне адносна пашырэння крытэраў, па якіх асоба можа быць уключаная ў «чорны спіс», было прынятае яшчэ ў студзені. Цяпер краіны-сябры ЕЗ працуюць над азначэннямі і сродкамі дадатковага ціску на беларускія ўлады. Але ў дадзены момант гэтая праца яшчэ працягваецца. Таму я не магу дакладна вам сказаць, калі яна скончыцца», - паведамляе прэс-сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза Мая Качыянчыч.

Пракаментаваць гэтае рашэнне сайт charter97.org папрасіў былога палітвязня, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Атрошчанкава.

«Калі ў Менск прыязджаў прадстаўнік Еўразвяза Гунар Віганд, ён прама сказаў, што чыноўнікі, з якімі ён сустракаўся ў адміністрацыі Лукашэнкі, далі зразумець, што на працягу бліжэйшых тыдняў будзе вызваленая частка знакавых палітвязняў, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты. Я тады адкрыта сказаў, што я ў гэта не веру, і што, калі б рэжым быў наладжаны на дыялог, то ўсе палітвязні даўно былі б на волі. Жыццё паказала, што за тыдзень, які мінуў пасля гэтага візіту, адбылося не змякчэнне, а рэзкае ўзмацненне рэпрэсій. Напярэдадні разгляду пытання аб увядзенні новых візавых абмежаванняў, жорсткі прысуд быў вынесены Сяргею Каваленку. Рэжым цынічна прадэманстраваў грэбаванне да працягнутай рукі з боку Еўропы. Я думаю, што перанос разгляду пытання аб санкцыях супраць служыцеляў рэжыму можа быць выкліканы тым, што еўрапейцы, нарэшце, зразумелі, на якой мове трэба размаўляць з Лукашэнкам: добрых словаў і сімвалічных дзеянняў ён не разумее», - заявіў Аляксандр Атрошчанкаў.

Апошнія навіны