BE RU EN

Ярмошына просіць яе не біць

  • 1.02.2012, 14:09

Прадажная старшыня ЦВК разважае аб будучых «парламенцкіх выбарах».

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына сумняецца ў тым, што вынікі маючых адбыцца ў гэтым годзе парламенцкіх выбараў прывядуць да акцый пратэсту, якія праходзілі ў Расеі пасля выбараў у Дзярждуму.

«Ці магчымае паўтарэнне падобнай сітуацыі ў нас пасля правядзення парламенцкіх выбараў? Шчыра кажучы, наўрад ці», - заявіла кіраўніца ЦВК у інтэрв'ю часопісу «Беларуская думка».

Л. Ярмошына патлумачыла, што ў Беларусі прынятая мажарытарная, а не прапарцыйная выбарчая сістэма. «Таму нельга адназначна сцвярджаць, што перамагла праўладная сіла ці наадварот. У нас кожны кандыдат прадстаўляе сам сябе ці ў пэўных выпадках - партыю», - сказала старшыня беларускага ЦВК.

Да акцый, якія праходзілі ў снежні мінулага года ў Расеі, Л. Ярмошына ставіцца «з пэўным жалем». «Большасць з іхніх удзельнікаў проста не ведалі, чаго хочуць - ім не падабаліся ні тыя, ні іншыя партыі. У наяўнасці былая поўная адсутнасць ідэалагічных арыенціраў, а тыя натоўпы народа, што сабраліся ў Маскве і некаторых іншых буйных расейскіх гарадах, асобныя палітыкі выкарыстоўвалі ў якасці сляпой прылады ў сваіх неахайных руках», - адзначыла Л. Ярмошына.

Кіраўніца ЦВК Беларусі заклікала ўдзельнікаў выбарчага працэсу больш спакойна ставіцца і да арганізатараў выбараў. «Яшчэ са старажытнасці існуе добрае выслоўе: «Не біце ганца, які прыносіць благую вестку». Дык вось, у любой краіне Цэнтрвыбаркам - гэта ўсяго толькі ганец, і нельга яго караць за тое, што ён прынёс камусьці непажаданую навіну», - цытуе Ярмошыну партал interfax.by.

Нагадаем, з 1996 года ні адныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю. За фальсіфікацыю вынікаў выбараў з 2004 года кіраўніца ЦВК Ярмошына (пасля выбараў 2010 года - разам з амаль двума сотнямі беларускімі чыноўнікамі) з'яўляецца неўяздной у краіны Еўразвяза і ЗША.

Апошнія навіны