BE RU EN

Мурсі скасаваў дэкрэт аб павелічэнні сваіх паўнамоцтваў

  • 9.12.2012, 10:28

Прэзідэнт Егіпта Махамед Мурсі скасаваў дэкрэт, які павялічвае ягоныя паўнамоцтвы.

Такая пастанова была агучаная ў выніку сустрэчы Мурсі з лідэрамі палітычных рухаў краіны, піша Lenta.Ru. Разам з тым, рэферэндум аб новай канстытуцыі, пра магчымы перанос якога прэзідэнт казаў раней, адбудзецца, як і было запланавана, 15 снежня.

Дэкрэт, што значна павялічвае паўнамоцтвы прэзідэнта, Махамед Мурсі падпісаў 22 лістапада. У адпаведнасці з ім, кіраўніку дзяржавы надаваліся выключныя паўнамоцтвы «для абароны рэвалюцыі», і ўсе ўказы прэзідэнта абвяшчаліся недаступнымі для абскарджання ў судзе. Паралельна з гэтым судовыя органы былі пазбаўленыя права распускаць вышэйшую палату парламента і Канстытуцыйную камісію, якая займалася напісаннем новага асноўнага закона краіны.

Мурсі тлумачыў свае дзеянні «патрэбамі дэмакратыі» і жаданнем дамагчыся «апалітычнасці судоў», адзначаючы часовы характар зробленых захадаў. Апазіцыя, у сваю чаргу, абвінаваціла прэзідэнта ў спробе ўзурпацыі ўлады, што выклікала маштабныя акцыі пратэсту. Шмат якія з іх перарасталі ў сутыкненні з паліцыяй і войскам, што прычынілася да згубы некалькіх дзесяткаў чалавек і сотняў пацярпелых.

Нягледзячы на разгорнуты ў краіне крызіс, Канстытуцыйная камісія працягвала працу над праектам асноўнага закона, які ў выніку быў прыняты 30 лістапада. Пасля таго як Мурсі прызначыў рэферэндум аб новай канстытуцыі на 15 снежня, яго скасаванне таксама стала адным з патрабаванняў прыхільнікаў апазіцыі.

Апошнія навіны