BE RU EN

Бэрлусконі наважыў чацвёртым разам стаць прэм'ерам Італіі

  • 8.12.2012, 22:03

Сільвіё Бэрлусконі абвясціў аб намеры чарговым разам змагацца за пасаду італійскага прэм'ера.

«З горыччу я вяртаюся на службу грамадству, - заявіў 76-гадовы палітык у суботу, 8 снежня. - І зноў я раблю гэта з пачуцця адказнасці».

Раней Бэрлусконі, у кастрычніку прысуджаны да года ўмоўнага зняволення за фінансавыя махінацыі, заяўляў пра намер застацца ў палітыцы, аднак меркавалася, што ён не будзе ўзначальваць сваю кансерватыўную партыю «Народ свабоды» на чарговых парламенцкіх выбарах, піша Lenta.Ru.

У чацвер, 6 снежня, «Народ свабоды» адмовіўся надалей падтрымліваць кабінет дзейнага прэм'ера Марыё Монці, тым самым зрабіўшы імавернымі датэрміновыя усеагульныя выбары. Зрэшты, пакуль што, нягледзячы на дэмарш Бэрлусконі, урад атрымаў вотум даверу ў абедзвюх палатах парламента.

Сільвіё Бэрлусконі быў прэм'ерам тройчы: з 1994 да 1995, з 2001 да 2006 і з 2008 да 2011 гады. Апошнім разам ён пазбавіўся пасады праз раскол у сваёй партыі, які быў справакаваны ўзмацненнем крызісу еўразоны. Выратаваннем эканомікі пасля гэтага заняўся беспартыйны тэхнакратычны ўрад Монці, які мерыўся прапрацаваць да выбараў-2013.

Эканамічная палітыка Монці выклікае раздражненне ў часткі італійцаў праз рост падаткаў і беспрацоўя, і, як мяркуецца, Бэрлусконі выхадам з кіраўнічай кааліцыі спадзяецца здабыць сімпатыі гэтага электарату. Зрэшты, як паведамляе Associated Press, вынікі сацыялагічных апытанняў дакляруюць «Народу свабоды» менш за 15 % галасоў, у той час як узначальвае рэйтынгі левацэнтрысцкая Дэмакратычная партыя, якая далей падтрымлівае Монці.

Палітычнае вяртанне Бэрлусконі можа таксама быць абцяжаранае ягонымі спрэчкамі з законам. Прысуд, вынесены яму ў кастрычніку, першапачаткова змяшчаў чатырохгадовае зняволенне і трохгадовую забарону займаць дзяржаўныя пасады. У адпаведнасці з законам аб амністыі турэмны тэрмін замянілі на ўмоўны, аднак службовая забарона засталася без змен. Зрэшты, адвакаты экс-прэм`ера цяпер абскардзяць пастанову суда ў вышэйшай інстанцыі, і ў выпадку поспеху прысуд наогул не ўвойдзе ў дзеянне.

Апошнія навіны