BE RU EN

Міліцыя ўварвалася ў будынак Свабоднага тэатра ў Менску

  • 7.12.2012, 20:04

У гэты час акторы Свабоднага тэатра паказвалі «палітычны» спектакль «Спасцігаючы каханне».

Як паведаміў сайту charter97.org кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў памяшканне, якое арандуе Свабодны тэатр, на падставе таго, што іх выклікалі суседзі.

Міліцыянты перапісалі пашпартныя звесткі мэнэджэра тэатра Святланы Сугакі і загадалі да заўтрашняга дня падрыхтаваць пашпартныя дадзеныя ўсіх актораў.

«Наведванні супрацоўнікамі міліцыі спектакляў Свабоднага тэатра адбываюцца рэгулярна. У двух выпадках яны скончыліся арыштамі ўсіх прысутных. І заўсёды супрацоўнікі праваахоўных структур кажуць пра тое, што іх выклікалі суседзі, хоць ніякіх суседзяў у нас тут няма - гэта асобны будынак. Да таго ж, будынак мае гукавую ізаляцыю, і прэтэнзій ні ў каго быць не можа. Разумею, што беларускіх супрацоўнікаў міліцыі сёння хвалюе ўсё, нават тое, што суайчыннікі ядуць на вячэру, таму мы не дзівімся іх пільнай увазе да нашай дзейнасці», - сказаў Мікалай Халезін.

Спектаклі Свабоднага тэатра праходзяць у Беларусі падпольна. «Спасцігаючы каханне» - п'еса аб выкрадзеным і забітым у Беларусі бізнэсмэне і грамадскім дзеячы Анатоліі Красоўскім і яго жонцы Ірыне Красоўскай.

Апошнія навіны