BE RU EN

Міжнародныя званкі падаражэюць на 20-57%

  • 7.12.2012, 11:46

З 17 снежня ў Беларусі падаражэюць міжнародныя тэлефонныя злучэнні. Пры гэтым будуць уведзеныя адзіныя тарыфы, аднолькавыя для групы краін.

Пра гэта паведамілі БелТА ў РУП «Белтэлекам».

Усе міжнародныя тэлефонныя злучэнні падзеляць на восем зон. У кожнай з іх будуць прымяняцца адзіныя тарыфы кошту хвіліны размовы для звычайнага і льготнага часу сутак. Тарыфы размяжуюць па наступных зонах: СНД I (Расея і Украіна), СНД II (Арменія, Грузія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан), СНД III (Азербайджан), Еўропа I (Германія, Італія, Літва, Польшча), Еўропа II (Аўстрыя, Латвія, Балгарыя, Венгрыя і інш), Еўропа III (Велікабрытанія, Грэцыя, Францыя, Іспанія і інш), Свет I (ЗША, Аргенціна, Канада і інш) і Свет II (Куба, Гаіці і інш.)

Для зоны СНД I хвіліна размовы ў звычайны час (з 6.00 да 23.00) абыйдзецца ў Br1800, у льготны час - Br1260, для зоны СНД II - Br2200 (уначы - Br1540), для зоны СНД III - Br2500 (уначы - Br1750), для зоны Еўропа I - Br1350 (уначы - Br950), для зоны Еўропа II - Br2500 (уначы Br1750), для зоны Еўропа III - Br3000 (уначы - Br2100), для зоны Свет I - Br5000 (уначы - Br2500), для зоны Свет II - Br7500 (уначы - Br3750).

У цэлым тарыфы на званкі ў іншыя краіны прыкметна павысяцца. Так, кошт хвіліны размовы з абанентам Расеі вырасце на 20%, Украіны - на 50%, Германіі - на 57%, Польшчы - на 12%, а ЗША - у 3,65 разы.

Кошт міжнародных званкоў павысіцца як для ўладальнікаў стацыянарных тэлефонаў, так і для абанентаў сотавай сувязі. Раней аператар velcom ужо праінфармаваў сваіх кліентаў аб змяненні з 1 студзеня 2013 года коштаў на міжнародныя злучэнні, патлумачыўшы гэта увядзеннем РУП «Белтэлекам» новых тарыфаў на паслугі пропуску трафіку на сеткі замежных аператараў сувязі.

Апошнія навіны