BE RU EN

Апазіцыянера будуць судзіць за акцыю памяці Каліноўскага

  • 5.12.2012, 15:45

Вадзіма Саранчукова абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

У міліцэйскім пратаколе, атрыманым з райцэнтра Свіслач, сказана, што апазіцыйны актывіст парушыў частку 1 артыкула 23.34 КаАП, паведамляе «Радыё Свабода».

На думку Вадзіма Саранчукова, павышаная ўвага міліцыі да ўдзельнікаў мерапрыемства сведчыць аб тым, што ўлады па-свойму рыхтуюцца да 130 гадавіны паўстання. Яна будзе адзначацца ў наступным годзе.

Нагадаем, 27 кастрычніка ў Свіслачы людзі з розных гарадоў Беларусі традыцыйна праводзілі акцыю памяці паўстанцаў. Былі ўскладзеныя кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. Таксама ўдзельнікі мерапрыемства наведалі радзіму Каліноўскіх - сядзібу Якушоўка.

У той дзень міліцыянты затрымалі ў Свіслачы 4 маладых людзей. На іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі. Пазней усіх асудзілі на адміністрацыйныя арышты і штрафы.

Апошнія навіны