BE RU EN

«Новае жыццё» пастанавілі не высяляць

  • 4.12.2012, 22:10

Адміністрацыя ЖРЭА Маскоўскага раёна Менска заявіла, што адмаўляецца ад будынка царквы.

Пра гэта юрысту «Новага жыцця» Сяргею Луканіну паведаміла ў тэлефоннай размове судовая выканаўца Гаспадарчага суда Менска Вольга Шчарбовіч, паведамляе «Радыё Свабода».

Яна распавяла, што адпаведная заява адміністрацыі Маскоўскага раёна паступіла яшчэ 29 лістапада, і судовая выканаўца адправіла яе поштай на адрас царквы. Аднак, са слоў Шчарбовіч, магчыма, пошта не паспела даставіць ліст. Але калі яна ўбачыла ў інтэрнэце, які розгалас атрымала справа аб прымусовым высяленні царквы з будынка, яна затэлефанавала Луканіну і папрасіла прыехаць, каб ён атрымаў усе неабходныя дакументы аб спыненні судовай справы.

Такім чынам, судовая пастанова аб вызваленні будынка застаецца, аднак вядзенне гэтай судовай правы цалкам спыненае і перададзенае ў архіў. Юрыст царквы Сяргей Луканін атрымаў гэтыя дакументы позна ўвечары 4 снежня ў Гаспадарчым судзе Менска.

Апошнія навіны