BE RU EN

«Новае жыццё» збіраецца на ўсяночную малітву перад высяленнем

  • 4.12.2012, 17:10

Пратэстанцкую царкву «Новае жыццё» напярэдадні высялення наведаў намеснік амбасадара Велікабрытаніі Джым Казенс.

Па патрабаванні Вышэйшага гаспадарчага суда царква «Новае жыццё» павінна пакінуць свой будынак 5 снежня. У знак салідарнасці і падтрымкі пастары цэркваў хрысціян веры евангельскай правялі сумесную малітву, перадае «Радыё Свабода».

У царкве «Новае жыццё» Джым Казенс правёў больш за гадзіну. У размове з пастарам Вячаславам Ганчарэнкай дыпламат паведаміў, што падзеі вакол царквы вядомыя і хвалююць прадстаўнікоў місій і ўрадаў многіх еўрапейскіх краін, а таксама выказаў падтрымку і надзею, што гвалту супраць царквы не будзе. Падтрымку «Новаму жыццю» выказалі таксама кіраўнікі многіх пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі, паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін:

«Сёння Вячаслаў Ганчарэнка і я былі запрошаныя на пастырскую малітву, на якой маліліся пастыры хрысціян веры евангельскай Менска і Менскай вобласці. Пасля малітвы многія пастыры асабіста падыходзілі да Вячаслава Ганчарэнкі і абяцалі прыйсці заўтра, каб падтрымаць нашу царкву. Для нас гэта вельмі вялікі знак, паколькі аб'яднаная царква хрысціян веры евангельскай налічвае больш за 500 афіцыйна зарэгістраваных цэркваў. А па колькасці гэта каля 50 тысяч чалавек. Гэта вельмі моцнае аб'яднанне, якое нас такім чынам падтрымала».

Як паведамляюць у царкве «Новае жыццё», Вячаслаў Ганчарэнка звярнуўся ў Менгарвыканкам з просьбай аб сустрэчы з кіраўніком гарадской вертыкалі Мікалаем Ладуцькам, аднак адказу на свой зварот не атрымаў. Тады вернікі накіравалі калектыўны зварот у Савет Міністраў і адміністрацыю Лукашэнкі з просьбай адмяніць пастанову Менгарвыканкама ад 2005 года аб канфіскацыі зямельнага ўчастка і прымусовым выкупе будынка. Менавіта гэтая пастанова і стала прычынай шматгадовага супрацьстаяння ўладаў з вернікамі, якія не маюць намер прызнаваць законнымі іх дзеянні і выконваць загады.

На 5 снежня Гаспадарчы суд Менска прызначыў прымусовае высяленне рэлігійнай абшчыны хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё» з дома № 72 па вуліцы Кавалёва. Адпаведнае прадпісанне абшчына атрымала 27 лістапада. Прымусовае высяленне, як гаворыцца ў дакуменце, прызначана «на падставе судовага загаду гаспадарчага суда горада Менска па справе № 526-12/2009 ад 23 кастрычніка». Кіраўніку царквы прадпісана да 11 раніцы 5 снежня «вызваліць памяшканне, а таксама падрыхтаваць камплекты ключоў для перадачы спагнанніку». ЖРЭУ Маскоўскага раёна Менска, на тэрыторыі якога размешчаны будынак абшчыны, даручана «на момант прымусовага высялення забяспечыць транспарт, працоўную сілу і ўсё неабходнае для высялення даўжніка».

Плануемае высяленне царквы «Новае жыццё» адбудзецца ўслед за канфіскацыяй ўладамі памяшкання праваабарончага цэнтра «Вясна», і ў гэтым праваабаронцы бачаць агульную тэндэнцыю.

Апошнія навіны