BE RU EN

Ва Узбекістане забаранілі Дзеда Мароза

  • 28.12.2012, 20:45

Міністэрства культуры Узбекістана рэкамендавала ўсім тэатрам краіны перайменаваць галоўных персанажаў навагодніх пастановак.

Пра гэта паведаміў артыст аднаго з Ташкенцкіх тэатраў, інфармуе lenta.ru.

Паводле ягоных звестак, Дзеда Мароза акцёрам прапанавана называць Зорным чараўніком, а Снягурку - Зорнай феяй. Адпаведная рэкамендацыя нібыта была дадзеная яшчэ ў лістападзе, у выніку нарады мастацкіх кіраўнікоў ташкенцкіх тэатраў з міністрам культуры і спорту Турсуналі Кузіевым.

Як сказана ў паведамленні, кіраўнік міністэрства на нарадзе прапанаваў распрацаваць вобразы Дзеда Мароза і Снягуркі з «амерыканска-еўрапейскім» ухілам. Гаворка, на ягоную думку, павінна ісці пра герояў, набліжаных да Санта-Клаўса і ягонай казачнай памочніцы. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.

10 снежня сайт «Узметроном» паведаміў, што ў перадачах узбецкіх тэлеканалаў, прысвечаных Новаму году, улады не рэкамендавалі паказваць Дзеда Мароза, Снягурку, Бабу Ягу ды іншых персанажаў расейскіх казак. Праз тыдзень гэтае ж выданне, спасылаючыся на ўласныя крыніцы, паведаміла, што кіраўнікі раённых адміністрацый (хакімы) Ташкента сабралі уладальнікаў мясцовых кавярняў ды рэстарацый і настойліва рэкамендавалі ім 31 снежня пад усялякай маркай зачыніць свае ўстановы.

Як сцвярджалі СМІ, падобныя рэкамендацыі былі дадзеныя ў сувязі з намерам улад пакрысе адмовіцца ад святкавання Новага года, бо гэта - не традыцыйнае ўзбецкае свята (традыцыя адзначаць яго ўмацавалася ва Узбекістане ў перыяд, калі ён уваходзіў у склад Савецкага Саюза).

Апошнія навіны