BE RU EN

Аляксандр Бухвостаў: Крэмль папярэджвае Лукашэнку

  • 28.12.2012, 15:14

Міхаіл Шмакаў рабіў сваю заяву з улікам меркавання расейскіх уладаў, упэўнены прафсаюзны лідэр.

«Гэта вельмі сур'ёзная заява, - сказаў Аляксандр Бухвостаў у інтэрв'ю udf.by. - Міхаіл Шмакаў узначальвае Усееўрапейскі рэгіянальны савет Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў. З іншага боку, ён - старшыня ФНПР. ФНПР досыць цесна звязаная з «Адзінай Расеяй», так што гэтую заяву варта разглядаць не толькі як дэманстрацыю салідарнасці, але і як сур'ёзную палітычную заяву.

Гэта сур'ёзнае папярэджанне Лукашэнку.

Гэта ў нас прафсаюзы загнаныя ў гета, а Козік ходзіць пад Лукашэнкам, выконвае яго даручэнні і аддае яму гонар. У іншых краінах урада з прафсаюзамі імкнуцца не звязвацца. Нават у Расеі з яе аўтарытарным рэжымам ФНПР з'яўляецца ўплывовай сілай. На нашу думку, гэта заява прымалася з улікам меркавання Крамля.

Беларусь чакаюць вялікія непрыемнасці. Магчыма, ужо на штогадовай канферэнцыі МАП у чэрвені 2013 года «беларускае пытанне» актуалізуецца як ніколі. У мінулым годзе Беларусь не ўнеслі ў спецпараграф парушальнікаў, і гэта ўвяло беларускі ўрад у сумнеўны спакой. Беларускі ўрад не выканаў рэкамендацыі МАП, а дэкрэт №9 значна пагаршае становішча рабочых у Беларусі».

Нагадаем, старшыня Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі, прэзідэнт Усееўрапейскага рэгіянальнага савета Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Шмакаў заклікаў Аляксандра Лукашэнкі адмяніць адыёзны дэкрэт, які ўводзіць прыгоннае права на прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці.

Апошнія навіны