BE RU EN

Да ціску на апазіцыянерку падключыліся энергетыкі

  • 28.12.2012, 11:56

Алена Мядзведзева, бабруйскі каардынатар кампаніі «Гавары праўду» паведаміла, што яе кватэру ў яе адсутнасці чатыры разы наведалі супрацоўнікі энерганагляду.

- Нягледзячы на тое, што я маю на руках квіткі аб аплаце электраэнергіі, у маю кватэру прыйшлі дзве супрацоўніцы з энерганагляду, і патрабавалі аплаты з маіх непаўналетніх дачкі і ўнучкі. Я ў гэты час была ў ад'ездзе, пра што дзеці і паведамілі чыноўнікам, але яны пасля першага візіту прыходзілі яшчэ тры разы.

Алена Мядзведзева кажа, што супрацоўніцы энерганагляду патрабавалі ад дзяцей аплаціць электраэнергію. Тыя, у сваю чаргу, беспаспяхова спрабавалі сказаць правяраючым, што гаспадыня кватэры спраўна аплачвае «камуналку», але яны не ведаюць, дзе знаходзяцца квітанцыі.

- У мяне ўзнікла пытанне, хто і па якім праве ў адсутнасці дарослых, дае магчымасць патрабаваць з дзяцей і пагражаць ім адключэннем святла. Таксама яны пакінулі папярэджанне, нават не аформленае належным чынам! Натуральна, я напісала скаргу і ў «Магілёўэнерга», і на імя пракурора Першамайскага раёна Бабруйска. Да скаргі я прыклала квітанцыі па аплаце і папярэджанне ад супрацоўніц энерганагляду. Прашу правесці праверку па факце ціску на маіх дзяцей.

Бабруйчанка мяркуе, падставай для візіту ў яе кватэру можа быць тое, што менавіта тут знаходзіцца офіс дэпутата «Грамадзянскай дамовы», паведамляе ПЦ «Вясна».

Нагадаем, што і раней каардынатар кампаніі «Гавары праўду» неаднаразова сутыкалася з ціскам, з боку міліцыі і КДБ. У яе кватэры праводзіўся ператрус падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, і тады дома таксама была толькі непаўнагадовая ўнучка актывісткі.

Апошнія навіны