BE RU EN

Грыбаўскайтэ праігнаравала беларускага дыктатара?

  • 28.12.2012, 10:56

27 снежня намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына сустрэлася ў Менску з часовым павераным у справах Літвы ў Беларусі Йонасам Даніляўскасам.

Як паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства Беларусі сайту «Товарищ.online», бакі абмеркавалі некаторыя пытанні, у тым ліку - канкрэтныя крокі па далейшаму развіццю двухбаковага дыялогу і ўзаемадзеяння ў розных сферах, улічваючы будучае старшынства Літвы ў Еўразвязе ў 2013-м годзе.

Йонас Даніляўскас перадаў пасланне кіраўніка літоўскага МЗС Лінаса Лінкявічуса ў адрас міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з нагоды 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Літвой.

А таксама - асабістыя пасланні ад імя прэм'ер-міністра Літвы Альгірдаса Буткявічуса і былога кіраўніка літоўскага ўрада Андруса Кубілюса ў адрас прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

Варта адзначыць, што пра пасланні ад прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ беларускаму калегу Аляксандру Лукашэнку нічога не гаворыцца.

У віншавальным лісце беларускаму калегу Уладзіміру Макею кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус заявіў аб тым, што Беларусь і Літва будуць пашыраць свае двухбаковыя адносіны «ў духу добрасуседства, узаемнага даверу і супрацоўніцтва».

Па словах міністра, інструменты ініцыятывы Усходняга партнёрства Еўразвяза «будуць карыснымі на гэтым шляху».

Таксама ён заклікаў Менск «скарыстацца ўсімі магчымасцямі для палягчэння паездак беларусаў».

Апошнія навіны