Новая рэзідэнцыя дыктатара: выгляд знутры
- 27.12.2012, 10:03
На праспекце Пераможцаў у Менску поўным ходам ідзе чарговая будоўля, якая ў будучыні можа стаць новай рэзідэнцыяй кіраўніка.
Журналістам атрымалася ўбачыць, на якім этапе знаходзяцца работы ўнутры вялізнага будынка.
Аб'ект, які па дакументах з'яўляецца «адміністрацыйным будынкам» паміж праспектам Пераможцаў, вуліцай Арлоўскай і Свіслаччу, пачалі будаваць летам 2011 года. На сёння пабудаваныя ўсе тры паверхі (не лічачы падземнага), піша «Салiдарнасць».
Комплекс, які знешне нагадвае саркафаг, па-ранейшаму агароджаны высокім плотам. Уваход на тэрыторыю ажыццяўляецца па прапусках праз КПП, дзе дзяжураць супрацоўнікі міліцыі.
У будны дзень каля кантрольна-прапускнога пункта дзесяткі легкавых і грузавых машын, за плотам - бытоўкі і сталовая для будаўнікоў.
Сярэдні заробак будаўніка, які працуе там па дамове падраду, складае прыкладна 7 мільёнаў беларускіх рублёў. Паабедаць (і наесціся даросламу мужчыне) у мясцовай сталовай можна за 20 тысяч.
На аб'екце працуюць будаўнікі з усёй Беларусі. Іншагароднім бясплатна прадастаўляецца інтэрнат.
Так гэтая будоўля, размешчаная адразу за выставачным цэнтрам «Белэкспа», выглядала восенню 2011 года:
І так яна выглядае цяпер, у канцы снежня 2012-га:
У распараджэнне журналістаў трапілі свежыя фатаграфіі, зробленыя ўнутры будынка.
«Адміністрацыйны комплекс», за якім размесціцца парк з алеяй, будзе прызначацца для ўрачыстых прыёмаў.
Пры гэтым у Менску ўжо даўно цыркулююць чуткі, што тут будзе знаходзіцца новая рэзідэнцыя Лукашэнкі. У адкрытую пра гэта кажуць і будаўнікі, і многія падрадчыкі. Праўда, афіцыйна гэтая інфармацыя не пацверджаная.
Нагадаем, будучую «рэзідэнцыю» могуць упрыгожыць залатыя люстры знакамітай нямецкай фабрыкі Faustig. Планавалася, што люксовые вырабы будуць створаны спецыяльна для гэтага будынка.