BE RU EN

Дыктатар адмаўляецца затрымліваць нелегалаў

  • 22.12.2012, 8:09

Лукашэнка патрабуе ад ЕЗ «мільёны даляраў» на ўтрыманне памежнікаў.

Беларусь не будзе затрымліваць на мяжы нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца ў Еўропу, пакуль Еўразвяз не скасуе санкцыі. Пра гэта правадыр заявіў 21 снежня на сустрэчы ў Менску са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, адказваючы на пытанні аўдыторыі, піша БелаПАН.

«Мы ловім тысячы мігрантаў, затрымліваем тонамі наркотыкі. І калі яны нас пачалі прыціскаць, я памежнікам сказаў: а чаго мы будзем іх лавіць? Яны прыехалі не да нас, хай едуць куды хочуць. І мы так на некаторыя рэчы пачалі глядзець», - цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

«І сёння ў Літве, Польшчы ды іншых дзяржавах перапоўненыя мігрантамі адпаведныя лагеры. І штодня просьба: давайце пагаворым, вырашым і гэтак далей. Я кажу: не, хлопцы, пакуль не супакоіцеся і не спыніце размахванне санкцыямі, я больш вас абараняць не буду», - сказаў Лукашэнка.

«Але ёсць яшчэ адзін варыянт - плаціце грошы за гэта. Гэта нямала каштуе. Нам трэба ўтрымліваць мяжу, вайскоўцаў, памежнікаў. Гэта сёння мільёны даляраў. Плаціце - будзем лавіць, няма - будзьце здаровыя», - заявіў ён.

Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што Еўразвяз, узнімаючы тэму Беларусі, спрабуе адцягнуць сваё насельніцтва ад праблем у Еўропе і паказаць, што «ў іншых дзяржавах дрэнна і ЕЗ гэтым займаецца», паведамляе прэс-служба.

Апошнія навіны