BE RU EN

Дыктатар папрасіў «недарагіх грошай»

  • 21.12.2012, 15:08

І зноў заявіў, што з 1 студзеня ніякай дэвальвацыі не будзе.

«З 1 студзеня ніякай дэвальвацыі нацыянальнай валюты мы не мяркуем. У нас няма аб'ектыўнай неабходнасці дэвальваваць нацыянальную валюту, тым больш, штучна курс мы не стрымліваем», - заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў пятніцу ў Менску са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

З нагоды чутак пра магчымую дэвальвацыю кіраўнік сказаў, што «гэта ідзе нагнятанне абстаноўкі, хто гэта робіць - вы ведаеце», перадае «Інтэрфакс».

Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні ён заслухаў даклад старшыні праўлення Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай, якая сказала, што на валютным рынку «добрая сітуацыя».

«Суб'екты гаспадарання больш прадаюць валюты, чым купляюць», - адзначыў ён.

Разам з тым, спасылаючыся на дадзеныя кіраўніка НББ, Лукашэнка сказаў, што ў насельніцтва прысутнічае пэўны павышаны попыт на валюту. «Насельніцтва і прадае, і купляе валюту, але ледзь-ледзь больш яшчэ купляе», - адзначыў кіраўнік.

Пры гэтым Лукашэнка заўважыў: «Сёння ж канец свету, так чаго хвалявацца?». «У нас чутак - мора. Яны самі сабе супярэчаць: то канец свету, то даляры скупляюць. Навошта на тым свеце даляры?» - спытаў Лукашэнка.

Не бачачы перадумоў для дэвальвацыі рубля, Лукашэнка заявіў, што «нават калі б нам трэба было б накіраваць $1 мільярд на падтрыманне курсу, я б іх патраціў». «Таму што ў нас больш за $8 млрд золатавалютных рэзерваў. Такога ніколі не было», - сказаў кіраўнік.

Таксама Лукашэнка заявіў што на перамовах з расейскім кіраўніцтвам у Маскве беларускі бок запрасіў у Расеі $2 мільярда крэдыту.

«Нам трэба 2 мільярда (даляраў) «недарагіх» грошай, гэта камерцыйныя крэдыты, каб мы маглі ўкласці ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў», - адзначыў кіраўнік.

Ён паведаміў, што гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў ходзе яго візіту ў Маскву 18-19 снежня.

«Вёў цяжкія перамовы ва ўрадзе Расеі і з прэзідэнтам Расеі па многіх пытаннях. Там была маса пытанняў. Тады я сказаў яму: падумайце, калі родныя браты, то трэба дапамагаць», - сказаў Лукашэнка. «Нам трэба пару мільярдаў даляраў крэдытаў, каб ажыццявіць мадэрнізацыю нашых прадпрыемстваў. Вы можаце сёння не даваць - падумайце.

Не, кажуць (у РФ), давайце канкрэтны спіс. Мы (РФ) даем грошы на вашыя прадпрыемствы пад мадэрнізацыю і ствараем сумесныя прадпрыемствы», - працытаваў кіраўнік словы расейскага кіраўніцтва.

«Я кажу: добра, гэта адзін напрамак. Але і для несумесных прадпрыемстваў нам таксама патрэбны мільярд даляраў», - адзначыў Лукашэнка. Пры гэтым ён удакладніў: «Я адмоўнага адказу не атрымаў. Наадварот, мне кажуць: мы разгледзім і ў гэтай частцы дапаможам», - заявіў ён.

Кіраўнік заявіў аб дасягнутай дамоўленасці з Расеяй аб атрыманні ў 2013 годзе 23 мільёнаў тон нафты.

«Нам трэба 23 мільёна тон, яны даюць 19 мільёнаў па балансе. Праўда, дамовіліся на 23 мільёны, нафту мы атрымаем без праблем», - сказаў Лукашэнка.

«Некалі Расея нам адмовілася пастаўляць патрэбную колькасць нафты. Я яе знайшоў у Венесуэле, у Азербайджане», - сказаў ён. Пры гэтым ён прызнаў, што «гэта было для нас менш даходна».

Сёння, па словах Лукашэнкі, няма неабходнасці ў пошуку нафты, «таму што мы з расейцамі дамовіліся».

Таксама кіраўнік заявіў аб выдзяленні Кітаем больш $1 мільярду нязвязанага крэдыту для рэалізацыі праектаў у Беларусі.

«Я вельмі ўзрадаваўся: нам кітайцы падалі больш за 1 мільярд даляраў нязвязанага крэдыту, прытым недарагіх грошай, каб мы маглі ажыццявіць праекты ў нашай краіне», адзначыў Лукашэнка.

Таксама кіраўнік запэўніў прысутных у непахіснасці незалежнасці Беларусі.

«Усе павінны зразумець, што Беларусь - гэта назаўжды. Гэта - нашае, гэта ніколі больш не будзе ні польскае, ні расейскае, ні амерыканскае ці нямецкае. Да гэтага трэба прывучыць усіх нашых партнёраў», - заявіў Лукашэнка.

Апошнія навіны