BE RU EN

Улады Масквы забаранілі яшчэ адзін мітынг апазіцыі

  • 19.12.2012, 11:48

Маскоўскія ўлады адхілілі заяўку лідэра «Іншай Расеі» Эдуарда Лімонава на правядзенне 31 снежня мітынгу на Трыўмфальнай плошчы ў Маскве.

«Мы разгледзелі заяўку. У адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства мерапрыемства праводзіцца не можа», - сказаў «Інтэрфаксу» кіраўнік дэпартамента рэгіянальнай бяспекі Масквы Аляксей Маёраў.

Па словах чыноўніка, у паведамленні значацца арганізатары акцыі, якія за апошні год неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, таму арганізатарамі акцыі яны быць не могуць.

Як адзначыў Маёраў, калі апазіцыянеры ўсё ж паспрабуюць правесці мітынг, то паліцыя яго спыніць.

Раней Эдуард Лімонаў заявіў, што апазіцыянеры прыйдуць на Трыўмфальную плошчу, нягледзячы на рашэнне мэрыі.

На Трыўмфальнай плошчы традыцыйна праводзяцца акцыі ў абарону 31-га артыкула Канстытуцыі, які гарантуе права на сходы, мітынгі і дэманстрацыі.

Апошнія навіны