BE RU EN

Палажанка: Другі год зняволення Дашкевіча быў самым цяжкім

  • 18.12.2012, 13:23

Па словах нявесты палітвязня, у гэтым годзе да яе прыйшло адчуванне пустэчы і яна многае пераасэнсавала.

«Першы год зняволення Зміцера Дашкевіча я сама была на ўмоўным тэрміне, але гэта было не так важна для мяне і гэта не моцна мяне абмяжоўвала. Вядома, было складана і цяжка. Першае, што было - гэта імкненне максімальна дапамагчы Дзіме і тым людзям, якія апынуліся ў няволі. Я на сваім вопыце ведаю, што такое быць там і што такое, калі за кратамі твой блізкі чалавек. І таму я ўсімі сваімі сіламі імкнулася паслужыць як самому Зміцеру, так і іншым людзям, якія апынуліся ў турмах», - распавяла сайту charter97.org нявеста лідэра «Маладога фронту» Наста Палажанка.

Другі год пазбаўлення волі Зміцера апынуўся цяжэй першага, адзначыла намеснік старшыні «Маладога фронту»:

«Пакуль ішоў першы год, цягнуліся суды і допыты, час ляцеў хутка. А вось другі год быў складаней - калі спачатку ты ўсё робіш па інэрцыі, з разуменнем таго, што ты павінна гэта рабіць і нават павінна камусьці нешта прадэманстраваць, то ў другой год прыходзіць пераасэнсаванне і разуменне нейкай пустаты. Адбываецца такая «перазагрузка». 2012-ы год для мяне быў складаней, чым 2011-ы».

Мы вельмі моцна ганарымся Зміцерам Дашкевічам, кажа Наста Палажанка:

«Цяпер адвакат наведвае Зміцера, каб падтрымаць яго, падбадзёрыць і перадаць, што яго ўсе любяць і чакаюць. Каб ён разумеў, што ўсё, што ён рабіў - не падпарадкоўваўся кіраўніцтву турмы, рызыкаваў, а рабіў ён гэта, каб захаваць гонар і годнасць, усё гэта было правільна. Я хачу, каб адвакат перадала яму словы рэальнай падтрымкі, што мы вельмі моцна ганарымся ім і чакаем яго, каб Дзіма разумеў, што ён усё рабіў правільна».

Нагадаем, роўна два гады таму ўлады ўчынілі правакацыю супраць маладафронтаўцаў Зміцера Дашкевіча і Эдуарда Лобава, абвінаваціўшы іх у тым, што яны нібыта збілі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава, якія нават не паказалі сваіх твараў на судзе. Дашкевіч быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі, Лобаў - да чатырох.

Сёння Зміцер Дашкевіч павінен быў выйсці на волю, але 28 жніўня 2012 года Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні прысудзіў яго дадаткова да года пазбаўлення волі.

Апошнія навіны