Год без Вацлава Гавела
- 18.12.2012, 9:48
18 снежня спаўняецца год з дня смерці былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела.
Адным з апошніх учынкаў вялікага гуманіста былі калядныя віншаванні, якія ён накіраваў беларускім палітвязням, паведамляе «Радыё Свабода».
Гэтыя лісты прыйшлі ўжо пасля смерці Гавела, яны былі перададзеныя не ўсім зняволеным, але сталі магутнай падтрымкай для іх.
Лісты палітвязняў Вацлаў Гавел напісаў 15 снежня мінулага года, за тры дні да сваёй смерці. Лісты былі падпісаныя «фірмовым знакам» Гавела - сэрцайкам - і сталі апошнімі тэкстамі вялікага гуманіста.
Гавел выказваў у іх салідарнасць з беларускімі палітвязнямі і намер выкарыстоўваць і далей усе магчымасці для таго, каб прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці да парушэння правоў чалавека ў Беларусі: «Жадаю вам усяго добрага і свабоды вашай краіне», - пісаў ён.
Былы вязень Плошчы Зміцер Бандарэнка віншавальны ліст Вацлава Гавела, таксама як і віншаванне ад Джорджа Буша, асабіста не атрымаў, турэмныя ўлады толькі паведамілі яму, што такія лісты прыйшлі, але аддаць іх не могуць, паколькі там «шкодная для дзяржавы інфармацыя».
Гэта здарылася пасля смерці Гавела, кажа Зміцер Бандарэнка:
Зміцер Бандарэнка кажа, што такія асобы, як Гавел нараджаюцца раз у стагоддзе.
Ён адзначае, што Гавел думаў пра Беларусь, дапамагаў беларусам, а таксама на міжнародным узроўні шмат рабіў для свабоды ў Беларусі.
Марына Адамовіч жонка экс-кандыдата на выбарах прэзідэнта Мікалая Статкевіча, які да гэтага часу застаецца ў турме, кажа, што яе мужу таксама не далі патрымаць у руках каляднае віншаванне Гавела. Але Мікалай ведае пра гэты ліст, Марына яму пісала пра гэта.
У лісце да сяброў Бяляцкі назваў карэспандэнцыю з Чэхіі «вялікім суцяшэннем пасля нядаўняй страты бацькі»:
«Гэты ліст падтрымкі з подпісам Вацлава Гавела - цяпер самае каштоўнае, што ёсць са мною тут... Як знікаюць вялікія зоркі, святло ад іх ідзе яшчэ доўгія гады, асвятляючы цемру, так і ліст Вацлава Гавела да мяне з'явіўся такім жывым промнем ужо пасля яго смерці».
Алесь Бяляцкі быў знаёмы з Гавелам. У 2005 годзе ён сустракаўся з ім у складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі, якая наведвала Прагу, у 2006-м Бяляцкі атрымаў з рук Вацлава Гавела прэмію Homo Homini.
Алесь Бяляцкі казаў, што лічыць Гавела сваім духоўным настаўнікам. З Жодзінскай турмы ў лісце паплечнікам ён аддаў ушанаванні памяці вялікаму чэху:
«За што я яго паважаў і паважаю - за сапраўдную, не кан'юнктурную салідарнасць з дэмакратычнымі сіламі, з беларускім народам. Я проста на духоўным узроўні пры сустрэчы адчуваў, што мы з ім адной крыві. Нягледзячы на тое, што ён быў два тэрміны прэзідэнтам Чэхіі, улада не сапсавала яго. Я, вядома, паважаў яго за інтэлігентнасць, за тое, што ён быў сусветна вядомым пісьменнікам. І за той стаіцызм, з якім ён пераносіў рэпрэсіі ў дачыненні да яго. Ён выступаў за правы чалавека і пераследваўся ў значна больш жорсткія часы. Але ў яго была высокая непахісная вера ў тое, што ён мае рацыю і што чэшскі народ варты лепшага. На жаль, з яго смерцю ў беларусаў, у дэмакратычна настроеных грамадзян, на аднаго сябра ў свеце стала менш».