BE RU EN

«Гавары праўду» будзе ладзіць акцыі, каб людзям стала «цікава пайсці на выбары»

  • 17.12.2012, 19:37

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» у наступным годзе плануе рыхтавацца да «выбараў» у мясцовыя саветы дэпутатаў.

Пра гэта паведаміў 17 снежня ў Менску намеснік старшыні кампаніі Андрэй Дзмітрыеў, паведамляе БелаПАН.

«Выбары» павінны адбыцца не пазней за 23 сакавіка 2014 года.

«На сёння ў кампаніі «Гавары праўду» спіс [кандыдатаў] складаецца з 200 чалавек, гэта тое, што ў нас ужо ёсць, - адзначыў ён. - Але мы мяркуем, што гэта мала. Для таго, каб сапраўды дайсці, трэба больш, трэба ўпэўніцца ў нашай моцы».

Са слоў Дзмітрыева, кампанія з пачатку наступнага года плануе ладзіць розныя акцыі, каб людзям стала «цікава самім пайсці на «выбары», а таксама «ўдзельнічаць у назіранні ды іншых працэсах, якія праходзяць разам з «выбарамі». «На жаль, мы мяркуем, што назіранне, тое, якое ёсць сёння, проста недастатковае, калі мы сапраўды хочам грамадскай увагі да гэтага працэсу і да парушэнняў на ім», - сказаў намеснік старшыні кампаніі.

Другім галоўным кірункам палітычнай працы ў 2013 годзе Дзмітрыеў назваў стварэнне «нацыянальнага парадку перамен», а таксама пляцовак для канструктыўных спрэчак з прадстаўнікамі палітычных партый. Гэты «парадак перамен», са слоў палітыка, павінен быць «накіраваны на людзей, цікавіць іх, а не проста створаны для апазіцыі».

У той жа час, адзначыў намеснік старшыні, у кампаніі мяркуюць, што на сёння «спрэчак і канфліктаў паміж апазіцыяй мала». Спрэчкі, якія існуюць цяпер паміж апазіцыйнымі палітычнымі сіламі, на думку актывістаў кампаніі, дробныя і не маюць канструктыўнай асновы.

«Мы мяркуем, што ў наступным годзе апазіцыі патрэбна больш спрэчак пра будучыню Беларусі, - адзначыў Дзмітрыеў. - Мы створым новыя платформы - просім медыі стаць імі, - дзе мы будзем менавіта спрачацца і канфліктаваць пра тое, якой павінна быць будучыня Беларусі».

«Апазіцыя - гэта розныя сілы, розныя ў поглядах людзі, у гэтым наша моц. Мы рознакаляровыя, менавіта гэта мы будзем паказваць людзям, што ім ёсць з каго выбіраць і ёсць за кім ісці. Гэта і ёсць шлях да адзінства апазіцыі», - рэзюмаваў палітык.

Апошнія навіны