BE RU EN

Хваляванні на берасцейскім рынку «Стары горад»

  • 17.12.2012, 18:52

Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць намеру кіраўніцтва гандлёвага аб'екта дастасаваць стаўку арэнднай платы да курсу еўра.

Рынак «Стары горад» вядомы не толькі ў горадзе над Бугам, але і далёка за ягонымі межамі. Менавіта гэты гандлёвы пункт ужо шмат гадоў вабіць пакупнікоў з Беларусі ды краін блізкага замежжа, якія жадаюць папоўніць свой гардэроб прадукцыяй айчыннага трыкатажу. Дарэчы, большасць швейных фірмаў, якія пастаўляюць свой тавар на рынак, дзейнічаюць тут жа, у Берасці, што робіць меншымі транспартныя выдаткі.

Аднак, як стала вядома charter97.org, уладальнік рынку «Стары горад» - ТАА «Ідэя» - выступіла з ініцыятывай, каб прадпрымальнікі, якія маюць гандлёвыя месцы, уклалі дадатковыя пагадненні да дамовы арэнды.

Сутнасць навацыі ў тым, што гаспадар рынку прапануе адмовіцца ад вылічэння стаўкі арэнднай платы ў базавых адзінках і дастасаваць яе да еўра. Гэта прапанова выклікала негатыўную рэакцыю ў гандляроў. «Калі мы пагодзімся з умовамі арэндадаўцы, то стаўка арэнднай платы за 1 квадратны метр гандлёвага месца будзе складаць 8,5 еўра ў месяц, што перасягае разумныя межы», - заявіў на стыхійным сходзе старшыня рады прадпрымальнікаў рынку Сяргей Корпік.

Больш за тое, новыя варыянт пагаднення ўтрымлівае пункт, згодна з якім, арэндадаўца «ў выпадку патрэбы» можа ўжываць паніжальныя або павышальныя каэфіцыенты арэнднай платы. Прадпрымальнікі адхілілі ідэю кіраўніцтва ТАА «Ідэя», бо ўважаюць яе за неабгрунтаваную. У выпадку ж, калі змены ў аспекце налічэння арэнднай платы ўсё ж такі будуць унесеныя без уліку іхнай пазіцыі, гандляры на рынку «Стары горад» не выключаюць правядзення больш рашучых акцый пратэсту.

Апошнія навіны