Беларусы ЗША патрабуюць санкцый супраць МАЗа, МТЗ і «Беларуськалія»
- 13.12.2012, 17:50
Арганізацыя «Беларусы ў выгнанні» накіравала ліст у Раду ЕЗ з патрабаваннем увесці санкцыі супраць кампаній, якія фінансуюць рэжым Лукашэнкі.
«У 2012 годзе Рада Еўрапейскага Звязу павялічыла спіс фізічных і юрыдычных асоб, на якія распаўсюджваюцца візавыя і эканамічныя санкцыі. Тым не менш, некаторыя з найбуйнейшых фінансавых фундатараў рэжыму Лукашэнкі далей атрымліваюць прыбытак за кошт гандлю з ЕЗ і застаюцца беспакаранымі», - гаворыцца ў лісце, апублікаваным на сайце арганізацыі (пераклад - charter97.org)
Ягоныя аўтары заклікаюць Раду ЕЗ павялічыць спіс кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, і ўнесці ў яго тыя фірмы, прыбытак якіх атрыманы ад гандлю з еўрапейскімі краінамі.
«Спыненне прытоку сродкаў у скарб рэжыму і пакаранне людзей, якія кіруюць кампаніямі, што фінансуюць беларускія ўлады, з'яўляецца адзіным эфектыўным спосабам заахвочвання развіцця дэмакратыі ў нашай краіне», - заяўляюць аўтары ліста.
Арганізацыя «Беларусы ў выгнанні» падала спіс кампаній, у дачыненні да якіх прапануе ўвесці санкцыі:
- Беларускі аўтамабільны завод,
- Беларуская нафтавая кампанія (галоўны экспарцёр нафтапрадуктаў),
- Беларускі нафтавы гандлёвы дом (знаходзіцца пад санкцыямі ў ЗША),
- Беларуская калійная кампанія (найбуйнейшы экспарцёр калійных угнаенняў),
- «Беларуськалій» (найбуйнейшы вытворца калійных угнаенняў),
- «Белнафтахім» (знаходзіцца пад санкцыямі ў ЗША),
- «Белшына» (знаходзіцца пад санкцыямі ў ЗША),
- Мазырскі НПЗ,
- «Нафтан» (знаходзіцца пад санкцыямі ў ЗША)
- Менскі аўтамабільны завод,
- Менскі трактарны завод.
Таксама аўтары звароту патрабуюць занясення ў спіс неўязных у ЕЗ генеральных дырэктараў кампаній, якія пералічаныя ў лісце.
«Беларусы ў выгнанні» - няўрадавая арганізацыя, створаная ўцекачамі з Беларусі ў ЗША.