BE RU EN

Мільярд на вецер

  • 10.12.2012, 18:12

«Палатку», якая нічога не вызначае, збіраюцца абсталяваць «аўтаматызаванай сістэмай прыняцця пастаноў».

Каля 900 мільёнаў рублёў (ці больш за $100 тысяч) плануе выдаткаваць Мінсувязі на даследаванні і эксперыментальныя распрацоўкі ў галіне аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм для «палаты прадстаўнікоў», піша onliner.by.

Заяўка на правядзенне даследаванняў размешчаная на афіцыйным сайце Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры коштаў.

Мінсувязі плануе правесці даследаванні ў галіне развіцця інтэграванай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «палаты прадстаўнікоў» на базе сучасных праграмна-тэхналагічных развязанняў.

Ад выканаўцы патрабуецца правесці тэарэтычныя даследаванні і прадэманстраваць эксперыментальныя распрацоўкі ў наступных галінах:

- Стварэнне аўтаматызаванай інфармацыйна-аналітычнай падсістэмы падтрымкі прыняцця пастаноў для «палаты прадстаўнікоў»;

- Распрацоўка і ўвядзенне падсістэмы інфармацыйнага ўзаемадзеяння з сістэмай міжведамаснага дакументальнага абарачэння дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь (СМДА);

- Стварэнне сістэмы маніторынгу і кіравання апаратным і праграмным забеспячэннем сэрвераў і працоўных станцый Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Праект прафінансуюць з рэспубліканскага бюджэту ў рамках дзяржаўнай праграмы «Электронны ўрад».

Апошнія навіны