У Осла адбылася цэрымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру
- 10.12.2012, 16:07
У сталіцы Нарвегіі прайшла ўрачыстая цэрымонія ўзнагароджання Нобелеўскай прэміяй міру, якую ў 2012 годзе атрымаў Еўразвяз.
«У часы, калі Еўропа перажывае цяжкасці, Нобелеўскі камітэт вырашыў паказаць, што Еўропа значыць для свету», - заявіў кіраўнік нарвежскага Нобелеўскага камітэта і генеральны сакратар Савета Еўропы Торбьерн Ягланд, піша «Інтэрфакс».
Еўразвяз на цэрымоніі прадстаўлялі старшыня савета ЕС Херман ван Рампей, старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу і старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц.
«Вялікі гонар атрымаць гэтую ўзнагароду ад асобы ЕЗ», - сказаў ван Рампей.
«Еўропа павінна захоўваць абяцанне аб міры. Я мяркую, гэта наша галоўная мэта», - дадаў ён.
Як паведаміў раней Барозу, грошы ад прэміі ў памеры $1,25 млн будуць перададзеныя ў фонд праекта ЕЗ Дзіцячая Нобелеўская прэмія, які закліканы дапамагаць дзецям у зоне ваенных канфліктаў.