BE RU EN

БАЖ заклікае разблакаваць рахункі Arche

  • 8.11.2012, 12:20

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) накіравала афіцыйны ліст кіраўніку ДФР Камітэта дзяржкантролю Рыгору Верамко з просьбай разблакаваць рахункі часопіса Arche.

Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.

Зварот быў адпраўлены 6 лістапада.

У лісце адзначаецца, што БАЖ «вельмі трывожыць» сітуацыя, якая склалася вакол часопіса Arche. «Пачынаючы ад затрымання 14 верасня ў Гродне тагачаснага галоўнага рэдактара часопіса Валерыя Булгакава і да цяперашняга моманту адбываюцца падзеі, якія могуць паставіць крыж на далейшым існаванні выдання», - адзначае БАЖ.

У прыватнасці, гаворыцца ў пасланні, у рамках праверкі дзейнасці рэдакцыі ўпраўленне ДФР па Менскай вобласці і Менску вынесла прадпісанне прыпыніць аперацыі па рахунках Arche. «Загад быў вынесены нібыта на падставе адмовы даць для праверкі дакументы бухгалтарскага і падатковага ўліку і іншыя дакументы, звязаныя з фінансава-гаспадарчай дзейнасцю рэдакцыі. Паводле інфармацыі, якую ГА «БАЖ» атрымала ад сябраў арганізацыі - супрацоўнікаў часопіса, - ніякіх адмоў у прадастаўленні УДФР дакументаў не было. Сітуацыя з'яўляецца следствам супярэчлівых патрабаванняў супрацоўнікаў УДФР, якія выказваліся ў вуснай форме», - піша БАЖ.

Журналісцкая арганізацыя таксама нагадвае ДФР аб праграме беларускага тэлебачання «Зона Х», у якой сярод іншых прымаў удзел неназваны супрацоўнік УДФР. «Абвінавачванні, якія прагучалі па БТ, даюць падставы дапускаць палітычныя матывы пераследу часопіса», - гаворыцца ў лісце БАЖ.

«Безумоўна, ДФР мае поўнае права правяраць дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку і рэдакцыю часопіса. Але, на нашу думку, блакаванне рахунка часопіса з'яўляецца крайняй мерай уздзеяння, ва ўжыванні якой не было патрэбы. Між тым, менавіта з-за гэтага часопіс пазбаўлены магчымасці выконваць свае абавязацельствы перад чытачамі і, перш за ўсё перад падпісчыкамі», - адзначаецца ў звароце БАЖ.

Апошнія навіны