На беларуска-польскай мяжы - бум нелегальнай міграцыі
- 6.11.2012, 16:59
Польскія памежслужбы затрымалі семярых выхадцаў з Азіі, якія нелегальна трапілі ў Еўразвяз з тэрыторыі Беларусі.
Паводле інфармацыі прэс-сакратара Падляшскага аддзела памежнай службы Ганны Войцік, нелегалы, якія перасеклі беларуска-польскую мяжу, затрыманыя ў раёнё пасёлка Бохатэры Старэ, паведамляе Polskie Radio (пераклад charter97.org).
Адзін грамадзянін Афганістана і шасцёра в'етнамцаў патрапілі ў Польшчу з Беларусі, у абыход пункта памежнага кантролю. Нелегалаў знайшлі практычна адразу ж пасля перасячэння мяжы па слядах, пакінутых на ўзараным участку.
На дадзены момант затрыманыя знаходзяцца ў памежнай зоне і чакаюць перакладчыка. Хутчэй за ўсё, парушальнікі мяжы будуць вернутыя на тэрыторыю Беларусі, - паведаміла Ганна Войцік.
Падляшскі аддзел памежнай службы адзначае, што выпадкі нелегальнага перасячэння мяжы Еўразвяза з Беларуссю пачасціліся. Часцей за ўсё, мяжу парушаюць выхадцы з Азіі. У гэтым годзе польскімі памежнікамі затрымана 17 груп парушальнікаў, усяго 104 чалавекі. Для параўнання, у папярэднія гады на гэтым самым участку мяжы затрымлівалася ўсяго ад адной да трох груп нелегальных мігрантаў у год.
Нагадаем, што падчас прэс-канферэнцыі 16 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што беларускія памежнікі затрымліваюць да некалькіх дзесяткаў тысяч нелегальных мігрантаў у год, якія дабіраюцца ў Еўразвяз транзітам праз Беларусь. І нават выказаўся, што краіны ЕЗ павінны за гэта плаціць.