BE RU EN

Міліцыя тэрарызуе збітага вартаўніка

  • 29.11.2012, 15:25

На Васіля Сарочыка, які нядаўна заявіў аб збіцці ва УУС Ленінскага раёна Менска, пачаўся ціск з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Пра гэта паведаміла намеснік старшыні інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Алена Красоўская-Каспяровіч, піша БелаПАН.

Паводле яе слоў, за апошнія два дні на тэлефон Васіля Сарочыка сталі паступаць званкі з розных структурных падраздзяленняў міліцыі Ленінскага раёна з просьбай прыйсці на «допыт».

«Пры гэтым Ленінскі РУУС не вельмі імкнецца выклікаць Сарочыка павескткай, тлумачачы свае паводзіны: «Вельмі трэба» і «Нічога страшнага», - сказала Красоўская-Каспяровіч.

Сарочык адмаўляецца з'явіцца без афіцыйнай павесткі, паведаміла яна. Пасля адной такой адмовы з'явіцца ў АБЭЗ Ленінскага раёна Менска на гутарку, апавяшчэнне яму даставілі ў 20.00 дадому і ўручылі яго родным. «Тым не менш Сарочык заявіў, што ўсе павесткі і візіты ён будзе ўзгадняць са сваім адвакатам і з'яўляцца на ўсе следчыя дзеянні толькі з ім», - адзначыла Красоўская-Каспяровіч.

«Аўтастаянка, на якой працуе Сарочык, стала проста аб'ектам паломніцтва розных прадстаўнікоў міліцыі, якія адмаўляюцца прадстаўляцца, просяць «пагаварыць» з Сарочыкам і нават выдаць ім дакументы, якія захоўваюцца на аўтастаянцы. У сераду, 28 лістапада, на стаянку заявіліся двое такіх прадстаўнікоў, прадставіліся проста супрацоўнікамі Ленінскага РУУС, папрасілі «пагаварыць з Сарочыкам з воку на вока», - сказала прадстаўнік «Платформы».

Яна адзначыла, што кіраўніцтва аўтастаянкі не пускае такіх людзей у памяшканне і размаўляць з імі не жадае, паколькі яны не прадстаўляюцца. «Любыя спробы ўбачыць іх пасведчанні і даведацца імёны візіцёраў заканчваліся поўнай адмовай», - сказала Красоўская-Каспяровіч.

На яе думку, гэтыя візіты маюць на мэце «ўгаварыць ахвяру катаванняў, прымірыцца са сваімі катамі і спусціць справу на тармазах».

Апошнія навіны