BE RU EN

Кіраўнікі мяняюцца, музыка застаецца: «Крама» адзначыла 21-годдзе

  • 29.11.2012, 15:01

Гурт «Крама» даў рэдкі канцэрт з нагоды свайго дня нараджэння.

Здзіўлены цёплым прыёмам Ігар Варашкевіч выпраменьваў аптымізм і паабяцаў хутка завяршыць працу над новым альбомам, піша budzma.org.

Не круглую, але важную дату гурт «Крама» адзначыў у коле сяброў у адным з менскіх клубаў. «Я ўвогуле палічыў тут напярэдадні, што можна святкаваць круглую гадавіну - мае 30 гадоў у рок-н-роле», - кажа дзіўна вясёлы ў гэты дзень Ігар Варашкевіч. Ён вядзе адлік з 1982 года, яшчэ калі быў жывы Брэжнеў. Тады музыка толькі паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут і пачаў спяваць у гурце «Студыя 7», які потым стане «Бондай».

Праграма вечара была складзеная такім чынам, што ў яе ўключылі парачку хітоў «Бонды» сярэдзіны 80-х, галоўныя хіты «Крамы» і яшчэ некалькі новых трэкаў, якія ўвойдуць у будучы альбом.

«А я не хвалююся, што ў нас не шмат новых песень. Таму што, па-першае, іх даволі шмат, толькі не для ўсіх яшчэ тэксты напісаны, а па-другое, на Deep Purple, напрыклад, прыходзяць паслухаць менавіта даўнія і любімыя творы. Чаго тады ад нас патрабаваць кожны раз новай праграмы?» - рытарычна пытаецца Варашкевіч.

У апошні час 52-гадовы музыка сур'ёзна задумаўся пра сваё здароўе, кінуў паліць і злоўжываць алкаголем. На сцэну ён выйшаў не са звыклай раней пляшкай, а з бутэлькай мінеральнай вады. Пасля выканання «Стэфкі» і яе працягу, напісанага праз 20 гадоў, ён нібы папрасіў прабачэння перад публікай:

«Прызнаюся, гарэлкі я амаль не п'ю». І яшчэ раз папрасіў прабачэння - за адсутнасць Мікалая Аруцюнава, які так зачасціў у Менск, што «Выпi са мной» без яго ўдзелу ўжо не ўспрымаецца.

Канцэрт з такой сур'ёзнай нагоды абышоўся без сюрпрызаў, прэм'ер і дуэтаў. У гэтым плане «Крама» даволі прадказальная. Затое ўсе атрымалі што хацелі: «Гэй, там, налiвай», «Камендант», «Што дапаможа нам»...

Старую песню з самага першага альбома «Chikago Найтс» Варашкевіч прысвяціў гурту «Палац» і... Бараку Абаме са словамі: «Прэзідэнты мяняюцца, а наша песня жыве».

Пазней лідэр «Крамы» яшчэ раз з удзячнасцю ўзгадаў пра «Палац», калі прадставіў рэдкі ў канцэртным выкананні «Гомельскi вальс». Варашкевіч паглядзеў у залу і спытаў: «Так што будзем адзначаць - канец света або Новы год?» І сам сабе аптымістычна адказаў: «Напэўна, Новы год».

Падарункам прысутным была новая песня гурта «З Новым годам», у прыпеве якой сустракаецца цалкам лагічнае меркаванне адносна таго, чаго не хапае беларусам для шчасця. У канцы Варашкевіч сапраўды выпраменьваў аптымізм. «Дзякуй, супер! Бачу, што мы яшчэ патрэбныя. Будзем дапрацоўваць наш стары-новы альбом», - паабяцаў ён, радасна ўсміхаючыся пасля чарговых авацый.

Апошнія навіны