BE RU EN

«Платформа грамадзянскай салідарнасці» супраць закрыцця офіса «Вясны»

  • 29.11.2012, 12:33

Міжнародная арганізацыя «Платформа грамадзянскай салідарнасці» асудзіла канфіскацыю офіса незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна».

Пра гэта гаворыцца ў заяве арганізацыі, якую цытуе БелаПАН.

«Платформа грамадзянскай салідарнасці» адзначае, што канфіскацыя офіса была праведзеная на падставе судовага рашэння, вынесенага год таму, 24 лістапада 2011 года, у дачыненні да старшыні «Вясны», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі праў чалавека Алеся Бяляцкага. У заяве гаворыцца, што прадстаўнікі Еўрапейскага парламента, Еўрапейскай службы замежных спраў, праваабарончых структур ААН, Еўракамісіі і АБСЕ неаднаразова заклікалі да вызвалення Бяляцкага, але беларускія ўлады «ўпарта адмаўляюцца перагледзець сваю пазіцыю».

«Платформа грамадзянскай салідарнасці» асуджае новыя крокі, зробленыя ўладамі з мэтай пакласці канец дзейнасці вядомай НДА, якая адважна працягвае сваю працу падчас заключэння свайго старшыні, нягледзячы на пераслед, якому ва ўсё большай меры падвяргаліся яе сябры на працягу апошняга года», - гаворыцца ў заяве.

«Платформа грамадзянскай салідарнасці» выказвае падтрымку «Вясне» і заклікае беларускія ўлады зняць усе абвінавачванні з Бяляцкага і безумоўна вызваліць яго, дазволіць «Вясне» працягваць працу на ранейшым месцы, спыніць рэпрэсіі супраць удзельнікаў гэтай арганізацыі і ўсіх праваабарончых аб'яднанняў краіны. «Мы таксама заклікаем міжнародную супольнасць падтрымаць нашыя патрабаванні і настойваць ў зваротах да ўрада і прэзыдэнта Лукашэнкі на адмове ад якіх-небудзь далейшых спробаў падаўлення грамадзянскай супольнасці», - заяўляе арганізацыя.

Нагадаем, раніцай 26 лістапада праваабаронцы «Вясны»» пакінулі свой офіс у Менску, канфіскаваны дзяржавай. Праваабаронцы выехалі з памяшкання, у якім працавалі на працягу 12 гадоў. Кватэра належала лідэру «Вясны» Алесю Бяляцкаму, асуджанаму па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

«Платформа грамадзянскай салідарнасці» аб'ядноўвае больш за 40 праваабарончых арганізацый Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўночнай Амерыкі.

Апошнія навіны